"Днямі Белшвейтрэст упершыню ў СССР выпусціў у прыгожай мастацкай вокладцы журнал мод"

Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Цытаты мінулага – 11 студзеня. Пра што пісалі Беларуская прэса за 11 студзеня.
“Комуніст”, 1936 год:

“Днямі Белшвейтрэст упершыню ў СССР выпусціў у прыгожай мастацкай вокладцы журнал мод. У журнале ёсць больш 400 фасонаў рознай мужчынскай, жаночай і дзіцячай вопраткі сёлетняга сезону. Паводле водгукаў Цэнтрасаюза, гандлюючых арганізацый БССР, Усходняй і Заходняй Сібіры, Омскай вобласці, Краснаярскага края і іншых гэты журнал з’яўляецца неабходным і каштоўным для пакупнікоў і работнікаў прылаўка”.

“Звязда”, 1956 год. З Глыбокага:

“Калгасы раёна ў мінулым годзе вырасцілі высокі ўраджай кукурузы і заклалі 25 тысяч тон сіласу. Асабліва добрых поспехаў дабіліся члены сельгасарцелі імя Мічурына. Яны атрымалі з кожнага гектара па 300 цэнтнераў зялёнай масы і па 48 цэнтнераў пачаткаў у малочна-васкавой спеласці. (Тут на кожную карову закладзена па 13 тон кукурузнага сіласу…) У некаторых сельгасарцелях пачалі выдаваць кукурузны сілас на працадні. Так, напрыклад, у калгасе імя Мічурына на кожны працадзень хлебаробы атрымалі па паўтара кілограма сіласу”.

“Звязда, 1996 год. Пра выбары Старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі:

“Станіслаў Багданкевіч атрымаў 38 галасоў у сваю падтрымку, Мечыслаў Грыб — 18, Сяргей Калякін — 50, Сямён Шарэцкі — 51. (40 дэпутатаў выкраслілі ўсе кандыдатуры. Удзельнічалі ў галасаваньні 197 бюлетэняў. Несапраўдных бюлетэняў не было.) Паводле папярэдняй дамоўленасці паміж фракцыямі аграрыяў і камуністаў, у выпадку, калі ў другі тур выходзяць іх прадстаўнікі, то той, хто атрымаў менш галасоў, абавязаўся зняць сваю кандыдатуру. Адзін голас фактычна вырашыў лёс прэтэндэнта на спікерскую пасаду на карысць Шарэцкага”.