В.Івашкевіч зьвярнуўся да беларускай дэлегацыі ў ЗША

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч напісаў ліст да сябраў дэлегацыі дэмакратычных сілаў Беларусі, якая з панядзелка праводзіць сустрэчы ў Вашынгтоне. З’яўленьне гэтага дакумэнту ён тлумачыць адсутнасьцю ў складзе дэлегацыі прадстаўніка Партыі БНФ.
Спадар Івашкевіч не ўпэўнены, што ў беларускіх палітыкаў, якія знаходзяцца ў ЗША, ёсьць супольная пазыцыя наконт выбараў у Палату прадстаўнікоў, якія мусяць адбыцца не пазьней за восень 2008 году:

Мы ня можам ісьці на выбары, калі ня будуць выкананыя тры абавязковыя ўмовы: вызваленьне палітвязьняў – раз...
“Мне хацелася давесьці інфармацыю хаця б аднаго з кіраўнікоў БНФ. Мая прапанова такая – мы павінны агучыць канкрэтны плян на наступны год. Мы ня можам ісьці на выбары, калі ня будуць выкананыя тры абавязковыя ўмовы: вызваленьне палітвязьняў – раз. Допуск прадстаўнікоў апазыцыі ў выбарчыя камісіі (перадусім, ва ўчастковыя) – два. І рэгістрацыя кандыдатаў ад апазыцыі – тры.

Бяз выкананьня гэтых умоваў мы ня будзем удзельнічаць у выбарах і абвяшчаем, што гэта выбарчы фарс.

Вось гэта галоўнае, што, я думаю, трэба было агучыць на сустрэчах у Амэрыцы”.

Пытаюся ў спадара Івашкевіча, чыя гэта пазыцыя?

“На сёньняшні дзень гэта пазыцыя Віктара Івашкевіча. Ні Партыя БНФ у асобе кіраўніка партыі, ні АДС у асобе ўсіх сваіх кіраўнікоў не агучылі сваёй яснай пазыцыі – пры якіх умовах яны ўдзельнічаюць у выбарах, а пры якіх – не ўдзельнічаюць. А калі не ўдзельнічаюць у выбарах, дык што хто робіць”.

Некаторыя палітолягі ўжо зьвязваюць з’яўленьне гэтага ліста са з’ездам Партыі БНФ, які заплянаваны на 8-9 сьнежня. І на якім Віктар Івашкевіч зьбіраецца вылучаць сваю кандыдатуру на пасаду кіраўніка БНФ. Што думае на гэты конт сам спадар Івашкевіч?

“І пасьля выбараў пытаньне, якое я ўздымаю, застанецца. Застаецца таму, што Партыя БНФ, Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы павінны свае пазыцыі ясна артыкуляваць. Імкненьне пазьбегнуць вострых кутоў, імкненьне неяк схаваць сваю пазыцыю прыводзіць да таго, што яна робіцца незразумелай. І таму, я лічу, што мы павінны ясна сфармуляваць свае пазыцыі, а не хаваць іх за агульнымі фразамі”.

Сёньня, дарэчы, падчас тэлефоннай размовы са спадаром Лябедзькам, які знаходзіцца ў Вашынгтоне, я спытаўся пра ягоную рэакцыю на ліст Віктара Івашкевіча. Сустаршыня Палітрады АДС адказаў, што ён яшчэ не атрымаў згаданы ліст.