Улады паслалі прадпрымальнікаў на Бангалор

Belarus -- Meeting of businessmen, Minsk, 05Dec2007

Яшчэ на пачатку лістапада шасьцёра актывістаў прадпрымальніцкага руху падалі заяўку ў Менгарвыканкам на правядзеньне ў Менску мітынгу пратэсту 10 сьнежня а 12-й гадзіне на Кастрычніцкай плошчы. Сёньня ўлады выклікалі заяўнікаў на размову. Сябра руху “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Віктар Калей сказаў, што арганізатараў папярэдзілі пра крымінальную адказнасьць:

“Нам прапанавалі Бангалор, мы адмовіліся ад Бангалору. Нам прапанавалі падпісаць паперу аб крымінальнай адказнасьці, мы адмовіліся. Мы засталіся пры сваім меркаваньні, мы настойваем на Кастрычніцкай плошчы. Мітынг, які б ён ні быў, адбудзецца на Кастрычніцкай плошчы”.

Адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Алесь Макаеў сказаў:

Салідарнасьць прадпрымальнікаў менавіта праз гэтую плошчу
“Гэта адзіны шанц адмяніць гэты ўказ – салідарнасьць прадпрымальнікаў менавіта праз гэтую плошчу. Прадпрымальнікі і найманыя асобы бачаць выхад толькі на Кастрычніцкую плошчу. А паводле Канстытуцыі права на мітынгі прадпрымальнікам не забаронена. Магчыма толькі праз гэтую плошчу даць штуршок для салідарнасьці прадпрымальнікаў, каб адмяніць генацыд прадпрымальнікаў. Таму мы цьвёрда выходзім, сэрцы нашы чыстыя і ўпэўненыя”.

Адзін з заяўнікаў мітынгу пратэсту прадпрымальнікаў Віктар Калей дадае:

“760 указ – гэта праблема цэлага слою насельніцтва, больш чым паўмільёна чалавек. І бессэнсоўнае таптаньне на Бангалоры дзеля таннага піяру – нас гэта не задавальняе. Мы хочам вырашаць праблему, а не піярыць”.

Перад сустрэчай у Менгарвыканкаме супрацоўнікі Аддзелу па барацьбе з эканамічнай злачыннасьцю (АБЭЗ) і падатковай інспэкцыі Цэнтральнага раёну ўчынілі праверку прадпрымальніцкай дзейнасьці аднаго з заяўнікаў акцыі Алеся Макаева. Аналягічная праверка праводзілася перад аднадзённым страйкам прадпрымальнікаў 2 кастрычніка і скончылася 17 лістапада. Яшчэ адзін з заяўнікаў мітынгу Алесь Таўстыка арыштаваны на 7 сутак за распаўсюджваньне ўлётак пра мітынг. Сёньня пасьля арышту ён выходзіць на волю са спэцпрыёмніка на Акрэсьціна. Арганізатары цьвердзяць, што ўлады такім чынам спрабуюць іх запалохаць перад акцыяй пратэсту.