МЗС Беларусі і Эўракамісія дамовіліся

Сёньня намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Валеры Варанецкі і кіраўнік прадстаўніцтва Эўракамісіі ва Ўкраіне і Беларусі, якое знаходзіцца ў Кіеве, Ён Боўг парафіравалі адпаведны праект пагадненьня. Гэтая працэдура стала вынікам перамоваў, якія прайшлі 5 сьнежня ў Менску.

Пра гэта паведамляецца на афіцыйным сайце МЗС Беларусі. У паведамленьні, прынамсі, адзначаецца, што “Бакі зыходзілі з таго, што адкрыцьцё прадстаўніцтва Эўракамісіі ў Беларусі павінна мець мэтай умацаваньне і разьвіцьцё сяброўскіх дачыненьняў і супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусі і ЭЗ”.

Парафіраваны праект будзе накіраваны “у вышэйшыя інстанцыі Рэспублікі Беларусь і Эўрапейскага Зьвязу”.

Эўразьвяз яшчэ два гады таму прапанаваў адкрыць у Менску офіс Эўракамісіі, якая прадстаўляе сабою выканаўчую ўладу Эўразьвязу. Сёлета ўвесну беларускі бок афіцыйна паведаміў, што пачынае вывучаць гэтую ініцыятыву Брусэлю.