Гарадзенцы: “За Бабруйск і габрэяў трэба прасіць прабачэньня”

Сяргей Астраўцоў, Горадня Ці мусіць Аляксандар Лукашэнка прасіць прабачэньня за свае выказваньні пра Бабруйск і габрэяў? На гэтае пытаньне адказвалі гарадзенцы, да якіх зьвярнуўся Сяргей Астраўцоў. Ён апытваў мінакоў побач зь месцам, дзе стаіць памятны знак, прысьвечаны Гарадзенскаму гета, што было там у апошнюю вайну.
Малады спадар: “Я лічу, што трэба прасіць прабачэньня”.

Сталы спадар: “Я нарадзіўся ў Бабруйску ў 1946 годзе. Я думаю, што прабачэньне прасіць трэба, паехаў жа Якубовіч у Ізраіль — пэўна дзеля гэтага”.

Карэспандэнт: “Значыць, вы сочыце за падзеямі?”

Сталы спадар: “Я слухаю ваша радыё кожны дзень. Я думаю, што гэта ён проста так балбатнуў, ён шмат чаго гаворыць: пра Гітлера гаварыў, ды пра гэта, так што думаю, што трэба прасіць прабачэньня”.

Сталы спадар: “Я чуў гэта па “Свабодзе”. Але як сказаць: для мяне гэта дробязь, ён зьдзейсьніў больш памылак значна горшых, чым гэтая. Але прабачэньня, канечне, прасіць трэба, аднак ён штось Якубовіча туды паслаў — а што той можа?”

Маладзён: “Ну канечне, трэба выбачацца. Мы ж людзі, трэба з павагай ставіцца да такіх жа людзей: ня важна, габрэй гэта, ці хто іншы”.

Ягоны сябра: “Гэта паводзіны, агульныя для ўсіх краінаў: усе павінны прасіць прабачэньня, калі яны зрабілі штосьці ня так альбо абразілі каго”.

Хлопец: “Абавязкова трэба папрасіць прабачэньня, калі ён дрэнна зрабіў”.

Дзяўчына: “Я думаю, што трэба прасіць прабачэньня, я ніякіх праяваў расізму не прызнаю”.

Сталы спадар: “Я лічу, што трэба меней зьвяртаць увагі, трэба жыць і радавацца. Дзесьці выказваньне можа быць і неабдуманае, але гэта ня значыць, што ўсё трэба разьдзімаць і рабіць з гэтага нейкую праблему. Ва ўсякім разе, толькі дзякуючы яму Бабруйск сёньня адзін з найлепшых гарадоў Беларусі, і гэта трэба таксама прызнаць”.

Маладзён: “Я лічу, што трэба папрасіць прабачэньня”.

Ягоны сябра: “Я ня вельмі разьбіраюся ў палітыцы, але думаю, што калі нехта дрэнна выказаўся, трэба ўсё ж прабачыцца. Хай гэта прэзыдэнт ці хтосьці іншы, але гэта трэба зрабіць”.

Спадар: “Трэба думаць, што гаворыш, нельга ж на такім высокім узроўні з пляча сячы!”

Спадар: “Чалавек адказны павінен прасіць прабачэньня, калі ён ляпнуў раптам, што ў яго бывае часта. Ён прадстаўляе ў сьвеце цэлую краіну, таму павінен адказваць за свае словы”.

Памятны знак гарадзенскаму гета на вул. Замкавай