Рада Эўропы і Эўразьвяз думаюць пра Беларусь разам

Радыё Свабода Сёньня ў Страсбуры адбылася нарада прадстаўнікоў Рады Эўропы і Эўразьвязу. Эўразьвяз прадстаўлялі старшыня Рады Зьвязу Мануэл Лоба Антунэс і камісар ў пытаньнях замежных сувязяў і палітыкі суседзтва Бэніта Фэрэра-Вальднэр, Раду Эўропы – старшыня камітэту міністраў Рады Вук Джэраміч і генэральны сакратар Рады Эўропы Тэры Дэйвіс.
Падчас кансультацыяў іх удзельнікі закранулі і беларускае пытаньне. Дзьве эўрапейскія арганізацыі пацьвердзілі свой абавязак супрацоўнічаць, каб спрыяць дэмакратыі ў краінах, якія імкнуцца стаць сябрамі Рады Эўропы.

Была выказана занепакоенасьць нястачай дэмакратычных рэформаў у Беларусі. Было адзначана, што, хаця некаторыя палітычныя зьняволеныя былі вызваленыя раней за сканчэньне тэрміну пакараньня, дагэтуль нельга заўважыць ніякіх істотных зьменаў што да датрыманьня правоў чалавека і дэмакратыі.

Удзельнікі нарады выказалі пажаданьне, каб абмежавальныя ўмовы для дзейнасьці апазыцыі, няўрадавых арганізацыяў і незалежных мэдыяў у Беларусі былі скасаваныя.