У Беларусі толькі 25 незалежных грамадзка-палітычных выданьняў

Вячаслаў Кулік, Менск Беларуская асацыяцыя журналістаў паведамляе, што за апошнія два гады колькасьць друкаваных СМІ зьменшылася на 270 выданьняў. Недзяржаўных выданьняў грамадзка-палітычнай скіраванасьці, якія рэгулярна выходзяць накладам ня менш як 1 тысяча асобнікаў, засталося толькі дваццаць пяць. Сытуацыю ўскладніла нядаўняе рашэньне ўладаў перарэгістраваць прыватных прадпрымальнікаў.
На сёньня недзяржаўная газэта “Народная воля” мае юрыдычны статус прыватнага ўнітарнага прадпрыемства.

Дарадца выданьня ў прававых пытаньнях юрыст Гары Паганяйлатлумачыць:

“Вельмі цяжка вядзе газэта свой бізнэс. Улада зрабіла ўсё, каб выданьне ня трапіла ні ў “Белсаюздрук”, ні ў сетку раздробнага гандлю. А калі яшчэ забароняць друкаваць за мяжой, то ў такіх умовах газэта наўрад ці захаваецца”.

“Адбудзецца ўдушэньне свабоднай прэсы”

Гары Паганяйла лічыць, што пэрспэктывы рэгіянальнай прэсы яшчэ больш сумныя:

“Там наклады маленькія. А чым меншы наклад газэты, тым большыя выдаткі. Пераход ва ўнітарныя прадпрыемствы толькі павялічыць гэтыя выдаткі. Зробіць эканамічна нямэтазгоднай такую дзейнасьць. Адбудзецца ўдушэньне свабоднай прэсы”.

“Гэта азначае паўторную рэгістрацыі ў Мініфармацыі”

Акрамя зваротаў у падатковыя інспэкцыі ўладальнікам недзяржаўных СМІ давядзецца наведваць Міністэрства інфармацыі.

Гаворыць Віктар Гурэцкі — начальнік аддзелу гэтага ведамства:

“Мы патрабуем дакумэнты: пасьведчаньне аб рэгістрацыі прыватнага ўнітарнага прадпрыемства, яго статут. У статуце, у адпаведнасьці з артыкулам 21 “Закону аб друку”, мусяць быць усе зьвесткі. У існасьці, гэта азначае перарэгістрацыю”.

“Недзяржаўныя грамадзка-палітычныя выданьні існуюць ва ўмовах дыскрымінацыі”

У Беларусі на сёньня трынаццаць недзяржаўных выданьняў выкінутыя з падпісных каталёгаў, а дванаццаць не прадаюцца прадпрыемствамі “Саюздруку”.

Пра новыя перашкоды гаворыць намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец:

“Ня простыя гэта праблемы, бо сёньня недзяржаўныя грамадзка-палітычныя выданьні існуюць ва ўмовах эканамічнай дыскрымінацыі. Праблемы ў іх шматлікія, перадусім з распаўсюдам. Зразумела, што Беларуская асацыяцыя журналістаў гатовая аказаць юрыдычную і кансультацыйную дапамогу нашым калегам”.

Гл. таксама:

“Нешта не ў парадку ў нас са свабодным друкам, са свабодай меркаваньняў”

Яшчэ адна незалежная газэта спыніла выхад.

Дзе прытуліцца газэце “Ганцавіцкі час”?