Аляксандар Мілінкевіч выступіў на “Форуме-2000”

Вольга Караткевіч, Прага Сёньня ў Празе ў будынку Інстытуту Гётэ і ў Палацы Жофін адкрыўся чарговы патранаваны былым чэскім прэзыдэнтам Вацлавам Гавэлам “FORUM 2000”. Назва сёлетняга -- “Свабода і адказнасьць”.
У абед Аляксандар Мілінкевіч сустрэўся і меў гутарку з былым дзяржсакратаром ЗША Мэдлін Олбрайт.

Наагул цікавасьць да беларускай тэмы на форуме надзвычайная. Я была сьведкай, як маладыя студэнты абмяркоўвалі выступ Мілінкевіча. Каля самога Палацу стаіць стэнд з фатаздымкам Зьмітра Завадзкага. Надпіс - Беларусь. А побач стэнд Тыбэт.

Аляксандар Мілінкевіч выступіў з трыбуны форуму. Мовай выступу палітык выбраў францускую.

Сярод іншага беларускі палітык зазначыў, што савецкая спадчына надалей пакідае людзей у Беларусі дэмаралізаванымі, але дух свабоды жыве, асабліва сярод моладзі.

2006 год зьмяніў сытуацыю, людзі адчулі надзею і працягваюць выходзіць на вуліцы, каб наблізіцца да Эўропы.

У эмацыйным канцы выступу А. Мілінкевіч сказаў, што “свабода – гэта гонар, свабода – гэта адказнасьць перад Богам”. Ён заклікаў прысутных дапамагчы свабодзе ў Беларусі – “не пераносіць да нас вашу свабоду, а дапамагчы будаваць нашу”.

Сёньня па абедзе на форуме адбудзецца дыскусія “Правы чалавека ў Беларусі”, а ўвечары Аляксандру Мілінкевічу будзе ўручаная прэмія імя Гано Эленбоген, якую палітык плянуе перадаць Паўлу Севярынцу.

Падрабязнасьці – пазьней на сайце і ў вечаровай радыёпраграме.