Апытаньне “Свабоды”: чым украінскія выбары адрозьніваюцца ад беларускіх?

Галіна Абакунчык Ва Ўкраіне адбыліся датэрміновыя парлямэнцкія выбары. Паводле папярэдніх зьвестак, перамогу атрымала партыя Юліі Цімашэнкі, якая падтрымлівае дэмакратыю і эўрапейскі выбар Украіны.. У Беларусі чарговыя выбары ў вышэйшы заканадаўчы орган краіны пройдуць на пачатку наступнага году. Чым украінскія выбары адрозьніваюцца ад беларускіх?
Карэспандэнтка: “Чым украінскія выбары адрозьніваюцца ад беларускіх?”

Юнак: “Не цікавіўся падрабязнасьцямі, а таму не скажу пра розьніцу”.

Спадарыня: “Там вельмі шумныя, навязьлівыя канцэрты, якія дзейнічаюць на псыхіку. Я лічу, што гэта адмыслова робіцца, і ўжо з-за гэтага я б такога не прымала. У нас таксама падобнае ёсьць на Бангалоры, але я туды не хаджу”.

Спадар: “Там горш, а тут лепш. Там больш незразумелага, а тут усё адкрыта і празрыста. Хоць дэмакратыі што тут, што там — аднолькава няма”.

Юначка: “Выбары ва Ўкраіне вельмі адрозьніваюцца ад выбараў у Беларусі, бо гэта зусім іншая краіна, зусім іншыя людзі. У Беларусі людзі больш талерантныя і ведаюць, каго яны выбіраюць. А ва Ўкраіне выбары не такія справядлівыя, як у Беларусі. Але я спадзяюся, што і ў нашых братоў украінцаў усё будзе добра”.

Спадар: “Там, ва Ўкраіне, агітацыя больш свабодная. Тыя, хто выбіраецца, маюць большую магчымасьць данесьці сваю праграму да людзей, паказаць сябе праз сродкі масавай інфармацыі. Тут жа правы тых, хто выбіраецца, абмяжоўваюцца”.

Юначка: “Я гэтым не цікаўлюся, бо мне гэта ня важна”.

Карэспандэнтка: “Чым украінскія выбары адрозьніваюцца ад беларускіх?”

Спадарыня: “Там людзі больш актыўныя. Нашы менш удзельнічаюць у палітычным жыцьці, менш цікавяцца. Многія, пэўна і не задаволеныя шмат чым. Але адкрыта выказваць сваю думку людзі баяцца”.

Юначка: “Я чула, што там задаволеныя, што ўсё спакойна прайшло, што няма Майдану. А ўвогуле, мы мастакі, а палітыка такая рэч, што лезьці ў яе ня хочацца”.

Спадар: “У нас усё спакойна праходзіць, без інцыдэнтаў — гэта асноўнае і самае галоўнае. А там — сьцяна на сьцяну ідзе. І калі нешта некаму не спадабаецца, то і на Майдан выйдуць. А ў нас я, прынамсі, пра такое і ня бачыў і ня чуў”.