У Берасьці адбыўся мітынг прадпрымальнікаў

Радыё Свабода На берасьцейскі стадыён “Лякаматыў” прыйшлі каля двухсот індывідуальных прадпрымальнікаў і гандляроў. Мітынг быў дазволены ўладамі.
Выступоўцы пратэставалі, сярод іншага, супраць прэзыдэнцкага ўказу №760, які абмяжоўвае блізкімі сваякамі кола тых, каго індывідуальныя прадпрымальнікі маюць права наймаць на працу.

В.Марчык: "Тут нямала народу, калі меркаваць паводле ўмоваў — нас душаць і запалохваюць"

Асаблівыя нараканьні выклікалі нядаўнія канфіскацыі на берасьцейскіх рынках.

Адзін з арганізатараў акцыі Віктар Чайкоўскі кажа:

“Канфіскацыі адбываліся на рынках “Варшаўскі”, “Кавалёва” і на рынку “Юбілейны”. У прыватнасьці, у прадпрымальнікаў, якія гандлююць абуткам. Я дакладна ведаю, што яны пацярпелі”.

Паводле спадара Чайкоўскага, абутку і пральнага парашку сканфіскавалі разам больш як на дзьве тысячы даляраў.

На мітынгу былі й прадстаўнікі іншых рэгіёнаў.

Віктар Марчык з Слоніму зазначыў:

“Я лічу, што мітынг адбываецца ўдала. Людзі актыўна ўдзельнічаюць у ім. Тут нямала народу, калі меркаваць паводле ўмоваў — нас душаць і запалохваюць. Спадзяюся, што мітынг мы будзем праводзіць і ў Слоніме”.

А.Шумчанка: "Мы выжывем, толькі наступствы будуць дрэнныя — для ўлады і для людзей"

Прыехаў у Берасьце і старшыня грамадзкага таварыства прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка:

“Нашы дзеяньні накіраваныя на годны ўзровень жыцьця. А самае галоўнае — выкарыстоўваць патэнцыял нашых людзей. Мы выжывем і надалей. Толькі наступствы будуць дрэнныя — як для ўлады, так і для людзей. Скароціцца асартымэнт тавараў, падымуцца кошты, узрасьце сацыяльная напружанасьць”.

На мітынгу прынялі рэзалюцыі — аб сустрэчы з прэзыдэнтам Лукашэнкам, аб адмене дыскрымінацыйных нормаў, якія дазваляюць наймаць работнікаў сваякамі й змушаюць індывідуальных прадпрымальнікаў перарэгістроўвацца.

Міліцыя ў хаду мітынгу ня ўмешвалася.




Выступае адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Анатоль Шумчанка

Віцебскі гарвыканкам ня даў прадпрымальнікам магчымасьці зладзіць мітынг, 22.09.2007 Лічба дня: 1%, 20.09.2007 Прадпрымальнікі распрацавалі праект закону аб малым і сярэднім бізнэсе, 12.09.2007 Прадпрымальнікі патрабуюць сустрэчы з Лукашэнкам, 10.09.2007