“Саюзныя” грошы першымі “засвойваюць” чыноўнікі

Уладзімер Глод, Менск Падліковая палата Расеі паведаміла, што засвоена толькі 30 працэнтаў сродкаў, выдаткаваных сёлета на рэалізацыю сумесных праграмаў гэтак званай саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. А вось на ўтрыманьне чыноўнікаў з апарату гэтай структуры ўжо выкарыстана 77 працэнтаў гадавой сумы.
Эканаміста Міхася Залескага не зьдзівілі дадзеныя Падліковай палаты:

«Кожная арганізацыя, калі яна створаная, павінна працаваць. А ў кожнай арганізацыі працуюць людзі. І найбольш яны любяць на працы той аддзел, які завецца касай і дзе выдаюць заробкі. Грошы атрымаць заўжды прасьцей.

А вось зрабіць нешта за тыя грошы – гэта ўжо, як атрымаецца. А калі арганізацыя, як пятае кола ў возе, дык можна рабіць, а можна і не рабіць. Кажуць, што 100 гадоў мак не радзіў, і голаду ня было. Вось так яны і працуюць – заробкі асвоілі на тры чвэрці, а работы зрабілі адну траціну. А каму яна патрэбная, гэта работа?!»

Эканаміст Кастусь Скуратовіч адзначае, што ў межах гэтак званай саюзнай дзяржавы ажыцьцяўляюцца пераважна ідэалягічныя, а не эканамічныя праекты:

«Я ведаю пра праграмы «Саюзны дызэль», «Саюзны тэлевізар» ды іншыя. І ведаю, што ўсе яны з трэскам праваліліся. А вось ёсьць праграмы у галіне культуры, прыкладам, выданьне часопісаў. Тут грошы хуценька дзеляцца і ўсё ідзе з посьпехам. Уласна кажучы, інтэграцыя ў сфэры ідэалёгіі нашмат апераджае інтэграцыю ў эканоміцы.

А праграмы кшталту тэлевізара альбо дызелю правальваюцца таму, што суб''екты гаспадараньня Беларусі і Расеі насамрэч маюць розныя інтарэсы. А пакуль нешта сумеснае плянуецца, але без патрэбнага абгрунтаваньня. Потым усё гэта спускаецца ціхенька на тармазах, а чыноўнікі атрымліваюць свае грошы. І някепскія».

Міхась Залескі гаворыць, што ідэя вытворчасьці сумеснай беларуска-расейскай прадукцыі не была рэальнай ад самага пачатку:

«Тут ёсьць адна вялікая ілюзія, якую спрабавалі насадзіць у народзе. Эканомікі Расеі і Беларусі не ўзаемадапаўняюць адна адну, за выключэньнем энэрганосьбітаў расейскіх, а зьяўляюцца канкурэнтамі: МАЗ і КамАЗ, «Віцязь» і «Рубін», уладзімерскі трактар і менскі трактар. І такіх прыкладаў мноства. Гэта сымэтрычныя эканомікі. І вось менавіта гэта і спыняе стварэньне саюзнага тэлевізара, трактара, аўтамабіля і гэтак далей».

Калегія Падліковай палаты адзначыла, што дагэтуль нават не пачыналася праграма стварэньня саюзных сельскагаспадарчых машын, якую плянавалі запусьціць яшчэ летась. А мытныя службы Беларусі са сродкаў, што ім выдаткавалі на паляпшэньне інфраструктуры памежных пунктаў, скарысталі летась толькі 2 працэнты.

• Эканаміст Міхаіл Дзялягін: "Газ – тавар палітычны"., 01.08.2007