Італьянскіх сьвятароў судзяць за ўтойваньне Вікі Мароз

Алена Струвэ Два італьянскія сьвятары паўстануць перад Генуэскім судом за леташняе ўтойваньне Вікі Мароз. На судовы працэс, які распачаўся гэтымі днямі ў Генуі, выкліканыя ў якасьці падазраваных дон Даніла Грыла і дон Франсіс Дарбэле. У італьянскім каталіцкім сьвеце такі факт называюць беспрэцэдэнтным.
Паводле матэрыялаў пракуратуры, сьвятарам Грыла і Дарбэле разам зь сям’ёй Джуста-Барначын інкрымінуецца ўдзел у леташнім 20-дзённым таемным утрыманьні беларускай сіраты ў Альпах. Ні настаяцель прыходу з Кагалета Даніла Грыла, ні настаяцель кляштару Сэнт-Айен у альпійскай вобласьці Вале д’Аоста Франсіс Дарбэле ня лічаць сябе вінаватымі.

Сьвятар з Кагалета дон Даніла Грыла па-ранейшаму перакананы: “Злачынствам ёсьць ня ўтойваньне дзяўчынкі, а яе гвалтоўнае разлучэньне зь сям’ёй. Менавіта за гэта хтосьці аднойчы панясе адказнасьць”.

Год таму, калі ўся Італія абмяркоўвала ўчынак сужэнцаў Алесандра Джуста і Марыі К’яры Барначын, Даніла Грыла без ваганьняў прыняў бок сям’і з Кагалета. Тады ён публічна заявіў, што нават парушыць закон дзеля вышэйшай справядлівасьці. 7 верасьня, калі Менск настойліва патрабаваў вярнуць беларускую дзяўчынку назад на радзіму, сьвятар з Кагалета павёз Віку Мароз, а таксама Марыю Борды (маці Алесандра) ды Элену Даніна (маці Марыі К’яры) да айца Франсіса Дарбэле, у гасьцявы дом кляштару ў Вале д’Ааоста, што на мяжы з Швэйцарыяй.

Паводле Франсіса Дарбэлэ, калі ён прымаў рашэньне аб прытулку для беларускай дзяўчынкі, ён ведаў пра магчымае прыцягненьне да судовай адказнасьці. “У мяне не ўзьнікла ніякага сумневу, бо я быў знаёмы з гісторыяй гэтай сіраты”, сказаў сьвятар.

Праз 20 дзён, 26 верасьня 2006, дзякуючы невядомым інфарматарам, карабінэры знайшлі Віку Мароз у кляштары дона Дарбэлэ. Як перакананы айцец Даніла Грыла, тыя, хто гэта зрабіў, “зламалі дзяўчынцы жыцьцё і гэта заўсёды застанецца на іхным сумленьні”

Прыцягненьне дона Грыла і дона Дарбэлэ да судовай адказнасьці выклікала першыя абуральныя водгукі ў каталіцкім сьвеце.

“Божа, іх будуць судзіць! Гэта жах і выглядае як барацьба супраць царквы, -- кажа ватыканскі сьвятар.– У дэмакратычным сьвеце царква заўсёды давала прытулак тым, каму ён быў неабходны, і паміж Законам і Эвангельлем выбірала Эвангельле”.

Тым часам у беларускай амбасадзе ў Італіі, якая ініцыявала гэту судовую справу, заявілі:

“Беларуская амбасада адсочвае працэс. У выпадку неабходнасьці мы гатовыя да супрацоўніцтва.”

• У Італіі завершанае расьледаваньне па справе сямейнай пары Джуста-Барначын, 17.09.2007 • Чаму Віку Мароз ня выпусьцілі ў Італію?, 08.08.2007