К.Бэнэдэці: “Мы пабачылі шмат людзей эўрапейскага мысьленьня”

Алег Грузьдзіловіч, Менск Менск пакінулі францускія акторы, якіх 22-га жніўня затрымалі беларускія міліцыянты падчас уварваньня на спэктакаль “Свабоднага тэатру”. Рэжысэр Крысьціян Бэнэдэці быў сярод тых, каго некалькі гадзін пратрымалі ў пастарунку Савецкага РАУС Менску. Калі спадар Бэнэдэці ўжо быў у Менскім аэрапорце, да яго датэлефанаваўся наш карэспандэнт.
Крысьціян Бэнэдэці – адзін з трох грамадзянаў Францыі, якіх 22-га жніўня ў ліку яшчэ 50 чалавек затрымала беларуская міліцыя на спэктаклі “Свабоднага тэатру”. Гэта спадар Бэнэдэці паставіў спэктакаль “Адзінаццаць кашуль” па п’есе ангельскага рэжысэра Эдварда Бонда.

“Пра такія рэчы ў нас ужо забыліся”

Як вядома, спроба прэм’еры была паўторана на наступны дзень, але ўжо ня ў Менску, а ў Валожынскім раёне. І аказалася больш удалай. Выслухаўшы віншаваньні з прэм’ерай, рэжысэр Крысьціян Бэнэдэці падзяліўся сваімі ўражаньнямі пра назіранае ў Беларусі.

“Тое, што я ўбачыў тут, ня вельмі мяне й зьдзівіла. Бо мяне папярэджвалі, што падобнае можа адбыцца. Хаця, канечне, разгон спэктаклю – пра такія рэчы ў нас ужо забыліся. Але хачу заўважыць, што паліцыя паўсюдна мысьліць у адным накірунку. Тут дыктатура аднаго чалавека, а ў нас дыктатура грошай. Галоўнае ж уражаньне ў мяне іншае: у вас гэтак шмат людзей, насуперак усяму, мысьляць і паводзяць сябе як эўрапейцы. Мы яшчэ раз пераканаліся, што тэатар – добрая пляцоўка для разьвіцьця дэмакратыі”.

"У Беларусі гвалту супрацьпастаўляюць жарт"

П’еса “Адзінаццаць кашуль”, па якой пастаўлены спэктакаль “Свабоднага тэатру”, – пра гвалт у школьным асяродку. Рэжысэр спэктаклю разгортвае тэму шырэй: “Пра тое, што людзі могуць супрацьпаставіць гвалту”. Паводле Крысьціяна Бэнэдэці, ён заўважыў, што ў Беларусі гвалту супрацьпастаўляюць узаемную падтрымку, а яшчэ – жарт.

“У вашым пастарунку мы нават на тварах некаторых міліцыянтаў бачылі ўсьмешкі”, – прыгадвае француз. На разьвітаньне Крысьціян Бэнэдэці сказаў, што з радасьцю прыедзе ў Беларусь зноў, бо мінулыя падзеі не адбілі ў яго жаданьня працаваць са “Свабодным тэатрам”.

М.Халезін: “Мы чакаем хвалі пратэстаў”

Са слоў кіраўніка тэатру Мікалая Халезіна, на зрыў спэктаклю і затрыманьні актораў і гледачоў дагэтуль прыходзяць шматлікія водгукі.

“Усе тэатральныя дзеячы кажуць, што гэта выключны выпадак і вельмі дрэнны прыклад для іншых дыктатур. Мы чакаем хвалі пратэстаў. З намі ўвесь час зьвязваюцца былы чэскі прэзыдэнт Вацлаў Гавэл і вядомы драматург Том Стопард: пытаюцца, чым могуць дапамагчы. Мы пакуль возьмем тайм-аўт, крыху адпачнем. Бо акторам пасьля затрыманьня было вельмі цяжка іграць спэктакль”.

Між тым, паводле Мікалая Халезіна, ужо ў верасьні “Свабодны тэатар” едзе на гастролі – спачатку ў Нямеччыну, потым у Швэцыю, Фінляндыю і Армэнію.

П.Юхневіч: “Супрацоўнікі КДБ і амапаўцы трымаліся вельмі жорстка і нахабна”

Таксама ўдалося дазваніцца да Паўла Юхневіча, гледача спэктаклю, на якога склалі пратакол нібыта за хуліганства. Суд над юнаком пакуль не адбыўся. Учора сувязь з Паўлам адсутнічала. Сёньня малады чалавек выказаў свае меркаваньні пра затрыманьне і знаходжаньне ў Савецкім РАУС.

“Падкрэсьлю: затрыманьне праводзілі супрацоўнікі КДБ і амапаўцы. Трымаліся вельмі жорстка і нахабна. А вось звычайныя міліцыянты, якія нас перапісвалі і бралі тлумачэньні, абыходзіліся з намі вельмі карэктна. Гэта ўсе адзначылі”.


Рэжысэр п’есы “11 кашуль” Крысьціян Бэнэдэці зь яе аўтарам Эдвардам Бондам

“Спэктакль” скончыўся а палове другой ночы, 23.08.07 М.Халезін: “Адпусьцілі толькі дзяцей. Затое на кватэры французаў робяць ператрус”, 22.08.07 Міліцыя ўварвалася на спэктакаль “Свабоднага тэатру”, 22.08.07