<B>Віцебск: расейскія фашысты пагражаюць Мірону</B>

Радыё Свабода, Віцебск Чацьвёра мясцовых актывістаў дэмакратычнага руху атрымалі лісты з пагрозамі ад імя прафашыстоўскай незарэгістраванай арганізацыі “Русское Национальное Единство”. Усе чатыры лісты маюць аднолькавы зьмест і пачынаюцца са звароту: “Мірон! Віцебская філія РНЕ зьвяртаецца да цябе з папярэджаньнем”.
Лісты з пагрозамі атрымалі беспартыйныя актывісты Барыс Хамайда і Сяржук Каваленка, а таксама выканаўца абавязкаў старшыні абласной арганізацыі Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ Ян Таўпыга і сябра гэтай партыі Ян Дзяржаўцаў.

Барыс Хамайда, як і іншыя атрымальнікі, знайшоў ліст ад РНЕ ў хатняй паштовай скрынцы.

Хамайда: “Тут выява такога РНЕшніка, а на адваротным баку наступны надпіс: “Мірон! Віцебская філія РНЕ зьвяртаецца да цябе з папярэджаньнем. Калі ты яшчэ раз вывесіш у нашым горадзе сваю бел-чырвон-белую анучу, мы цябе пакараем. Наш карны меч спасьцігне цябе ў любы час і ў любым месцы. Ведай пра гэта і сьцеражыся. Слава Расіі”.

Спадар Хамайда не бярэцца патлумачыць, чаму аўтары лістоў уважаюць яго ды іншых актывістаў за легендарнага Мірона. Пагрозы ён лічыць, хіба, псіхалягічным ціскам, але не зьбіраецца скардзіцца ў міліцыю. Гэтаксама мяркуе й Сяржук Каваленка.

Ян Дзяржаўцаў з дапамогай віцебскага праваабаронцы Леаніда Сьвеціка ўжо напісаў заяву ў пракуратуру з патрабаваньнем распачаць крымінальную справу супраць тых, хто рассылае лісты з пагрозамі. Да таго ж, ад імя не зарэгістраванай у Рэспубліцы Беларусь грамадзкай арганізацыі.

Цягам гэтага году падобныя лісты ад імя мясцовай філіі РНЕ былі атрыманы старшынёй гарадзкой арганізацыі АГП Аленай Залесскай, рэдактарам газэты “Витебский куръер” Уладзімерам Базанам і кіраўніцай літаратурнага аддзелу тэатру “Лялька” Вікторыяй Дашкевіч. Усім ім пагражаюць фізычнай расправай за апазыцыйныя палітычныя погляды. Пакуль гэтыя пагрозы застаюцца на словах.

Ранейшыя звароты ў міліцыю не прынесьлі плёну: дагэтуль міліцыянты адмаўляліся распачынаць крымінальныя справы – на той падставе, што аўтараў лістоў знайсьці, нібыта, немагчыма.



Атрыманыя лісты параўноўваюць Ян Дзяржаўцаў (зьлева) і Сяржук Каваленка

Такія лісты атрымалі чацьвёра віцебскіх актывістаў

Барыс Хамайда

Ян Дзяржаўцаў (зьлева) і Леанід Сьвецік падалі заяву ў пракуратуру

• РНЕ даслала ліст з пагрозамі старшыні віцебскай арганізацыі АГП, 19.07.2007 • Недзяржаўнай газэце “Віцебскі кур’ер” пагражае РНЕ, 14.08.2007 • РНЕ патрабуе, каб віцебскі тэатар перайшоў на расейскую мову, 29.11.2006