Італьянец падазраецца ў сэксуальных дамаганьнях да беларускай дзяўчынкі

Алена Струвэ, Менск Паводле паведамленьня італьянскага выданьня Il Vostro Giornale, 11-гадовая беларуская дзяўчынка, якая была запрошаная на вакацыі мілянскай сям’ёй, стала аб’ектам сэксуальных дамаганьняў.
Як падае выданьне Il Vostro Giornale, на падставе сыгналаў, якія трапілі ў праваахоўныя органы правінцыі Савона, мясцовая пракуратура распачала крымінальную справу супраць 40-гадовага мужчыны. Паведамляецца, што ён ужо быў выкліканы на размову з прадстаўнікамі судовых інстанцыяў, аднак справа патрабуе грунтоўнай праверкі.

Сама дзяўчынка была пераведзеная зь сям’і у пансіянат, дзе адпачывае група беларускіх дзяцей. Зь ёй працуюць псыхолягі. Як заявіў адвакат амбасады Беларусі ў Рыме Дыега Пэруджыні, тэрміновага вяртаньня дзяўчынкі дадому не прадугледжваецца. Мяркуецца, што яна паедзе дадому разам зь іншымі беларускімі дзецьмі ў канцы жніўня.

Тым часам, як падае БелаПАН, пра сытуацыю праінфармаваныя кампэтэнтныя органы Беларусі. Паводле амбасадара Беларусі ў Рыме Аляксея Скрыпко, адабраньне дзіцяці зь італьянскай сям’і адбылося пад кантролем прадстаўнікоў беларускай дыпмісіі. Ён патлумачыў, што ў падобных выпадках адбываюцца дзеяньні ў адпаведнасьці зь беларуска-італьянскай міжурадавай дамовай аб умовах адпачынку беларускіх дзяцей. Пры гэтым А. Скрыпко выказаў меркаваньне, што канкрэтны выпадак не адаб’ецца на гуманітарным супрацоўніцтве абедзьвюх краін.