Цытаты мінулага: “Усяго абрана 24 радныя, у тым 16 жыдоў і 8 хрысьціянаў”

Зьміцер Падбярэскі, Менск Пра што пісалі беларускія газэты 3 жніўня ў розныя гады мінулага.
“Nowe Zycie” ў 1927 годзе паведамляе вынікі выбараў у гарадзкую раду Крынак: “Сьпіс №1 сыяністаў 309 галасоў — 3 мандаты, сьпіс № 2 хрысьціянаў 441 голас — 5 мандатаў, сьпіс №3 жыдоў-артадоксаў 308 чалавек — 3 мандаты, сьпіс №4 жыдоўскіх рамесьнікаў 332 чалавекі — 4 мандаты, сьпіс №5 Шлапака 95 чалавек — 1 мандат, сьпіс №6 польскіх сялян і работнікаў 201 чалавек — 2 мандаты, сьпіс №7 польскай гаспадаркі 27 чалавек — без мандату, сьпіс №8 “Бунду” 476 чалавек — 5 мандатаў. Усяго абрана 24 радныя, у тым 16 жыдоў і 8 хрысьціянаў”.

“Віцебскі пролетарый”, год 1937. Газэта піша аб парадзе фізкультурнікаў у Менску: “Раптам на плошчы ствараецца многаводны басейн. На хвалях яго плывуць лодкі-байдаркі. Гэта праходзяць фізкультурнікі таварыства “Полымя”. Яны дэманструюць свае спартыўныя поспехі і гатоўнасць у любую мінуту стаць на абарону сваёй бацькаўшчыны. Праходзяць варашылаўскія стралкі, ударнікі проціпаветранай і хімічнай абароны. Калону замыкае танк, зроблены з кветак. Ён рухаецца павольна, прыгожа”.

“Знамя юности” ў 1967 годзе пад загалоўкам “Пакланіцца сьвятыням” апавядае: “2 жніўня ў першы дзень прыбыцьця ў Маскву ўдзельнікі міжнароднай сустрэчы моладзі, прысьвечанай 50-годдзю Вялікага Кастрычніка, усклалі вянок да Маўзалею У.І.Леніна. На вянку надпіс: “Вялікаму Леніну — ад удзельнікаў міжнароднай сустрэчы, прысьвечанай 50-годдзю Кастрычніка”. У Аляксандраўскім садзе ўдзельнікі сустрэчы прыйшлі да магілы Невядомага салдата. Пад жалобныя гукі “Мэлёдыі” Дворжака да магілы ўскладаецца вянок”.