У Ляўкі, да Купалы

Радыё Свабода, Віцебск Вынікі конкурсу "Верш на юбілей", абвешчанага віцебскай філіяй Саюзу беларускіх пісьменьнікаў да 125-х угодкаў Янкі Купалы, былі падведзены 29-га ліпеня ў Ляўках – у купалаўскім музэі-запаведніку на Аршаншыне.
Вершы на конкурс даслалі некалькі дзясяткаў паэтаў ва ўзросьце ад 18-ці да 30-ці год. Пераможцамі прызнаныя чацьвёра маладых аўтараў: Ірына Барысевіч і Сяргей Саманенка зь Віцебску, Ірына Бельская з Наваполацку і Алесь Замкоўскі з Полацку.

Пераможцы купалаўскага конкурсу атрымалі дарункі ад старэйшых калегаў – паэткі Леры Сом і старшыні філіі СБП Франца Сіўко. Заахвочвальным прызам маладым паэтам сталася таксама паездка ў Ляўкі ды ў музэй Уладзімера Караткевіча ў Воршы.



Алесь Замкоўскі, Ірына Барысевіч, Ірына Бельская, Сяргей Саманенка і старшыня філіі СБП Франц Сіўко

Падводзячы вынікі паэтычнага конкурсу , Франц Сіўко распавёў, што наступным будзе конкурс для маладых празаікаў Віцебшчыны – да 125-х угодкаў Якуба Коласа. Свае творы – апавяданьні, эсэ, нарысы і нататкі -- аўтары могуць дасылаць на ранейшую электронную адрэсу vershnajubilej@mail.ru. Конкурс мае завяршыцца ў кастрычніку выправай у коласаўскія мясьціны.

•