А. Мілінкевіч заклікае спыніць перасьлед маладых апазыцыянэраў

Радыё Свабода Бесцырымоннымі і цынічнымі назваў адзін зь лідэраў дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч дзеяньні беларускіх праваахоўных органаў у дачыненьні да моладзевых актывістаў. Заява ўтрымліваецца ў сёньняшнім адмысловым паведамленьні для прэсы.
Аляксандар Мілінкевіч таксама заклікаў беларускую і ўсясьветную дэмакратычную грамадзкасьць, а таксама прадстаўнікоў замежных урадаў і арганізацыяў прыходзіць на суды і выказваць сваю падтрымку ўсім, хто “патрапляе пад молат палітычных рэпрэсіяў у Беларусі”.

Сёньня ў Менску будуць судзіць каля дзесяці актывістаў моладзевага апазыцыйнага руху, якіх затрымлівала міліцыя ўчора на вуліцах сталіцы Беларусі.