Фэстываль “Магутны божа” пакуль ня стаў мерапрыемствам улады

Радыё Свабода, Магілёў Сёньня ў Магілёве сьвяточнай імшой у касьцёле сьвятога Станіслава і літургіяй у магілёўскім саборы Трох сьвяціцеляў завяршыўся міжнародны фэстываль духоўнай хрысьціянскай музыкі “Магутны божа”. Сёлета ён праходзіў у пятнаццаты раз і доўжыўся дзесяць дзён.
У 1993 годзе ініцыятарам правядзеньня ў Магілёве фэстывалю “Магутны божа” быў пробашч касьцёлу сьвятога Станіслава, цяпер біскуп Віцебскі Ўладзіслаў Блін. Фэстываль ствараўся дзеля ўзаемаабагачэньня культураў ды збліжэньня хрысьціян усіх канфэсіяў. Ля вытокаў фэстывалю стаялі народныя артысты Беларусі Віктар Роўда ды Зінаіда Бандарэнка, дацэнты Беларускай акадэміі музыкі Ганна Каржанеўская і Віктар Скарабагатаў. У дні правядзеньня фэстывалю горад напаўняла шматмоўе.

Сёлета на фэстывалі не было шматмоўя. Бальшыня ўдзельнікаў – зь Беларусі і Расеі. На фэстывалі выступілі па адным удзельніку з Польшчы, Украіны, Сэрбіі, Італіі, Нямеччыны. Ганаровымі гасьцямі фэстывалю былі амбасадарка Злучаных Штатаў Амэрыкі Карэн Ст’юарт, расейскі амбасадар Аляксандар Сурыкаў, апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Марцін Відавіч ды апостальскі адміністратар Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Антоні Дзям’янка.

Арганізатары фэстывалю парушылі ягоны рэглямэнт

Сёлета арганізатар, Магілёўскі гарвыканкам, адмовіўся ад конкурснай праграмы, чым парушыў ня толькі традыцыю, але і рэглямэнт фэстывалю.

З афіцыйнага боку сёлетні фэстываль мала чым адрозьніваўся ад леташняга. Усе рэклямныя матэрыялы пра фэстываль — па-расейску. На чацьвёрты дзень фэстывалю і яны зьніклі з вуліц гораду. Пра мерапрыемствы фэстывалю можна было даведацца альбо ў касьцёле, альбо ў аргакамітэце. Бальшыня мерапрыемстваў праходзіла ў памяшканьнях – у касьцёле і культурна-дзелавым цэнтры. Раней фэстываль праходзіў пад адкрытым небам.

Мы хочам зрабіць рахунак сумленьня, што добра мы зрабілі, а што трэба яшчэ зрабіць”

Улюбёнцам магілёўцаў, якія рэгулярна прыходзяць на “Магутны божа” застаецца Віктар Роўна. Дзякуючы ягоным намаганьням і аўтарытэту фэстываль не пераўтварыўся пакуль у афіцыйнае мерапрыемства ўлады. Усе прамінулыя пятнаццаць гадоў Віктар Роўда дырыгуе зводным хорам, які выконвае твор Мікалая Равенскага і Натальлі Арсеньевай “Магутны Божа”.

Цэнтрам фэстывальнага жыцьця застаецца і касьцёл. Сёлета на фэстываль зьехаліся біскупы з усяе Беларусі. Яны пастанавілі юрыдычна зарэгістраваць адмысловы зьвяз, які і зоймецца арганізацыяй наступных фэстываляў “Магутны божа”. Вось, што сказаў “Свабодзе” у дзень адкрыцьця фэстывалю пробашч і дэкан Магілёўскі Раман Факсінскі:

“Пятнаццаць гадоў фэстываль ня меў свайго статуту. Вельмі важна для арганізацыі фэстывалю зацьвердзіць ягоную дырэкцыю і пастаянна працаваць, увесь год, у адным напрамку, каб чалавек, які хоча мець кантакт з фэстывалем, меў яго. Таксама мы хочам зрабіць рахунак сумленьня, што добра мы зрабілі, а што трэба яшчэ зрабіць. Айцы біскупы сваёй прысутнасьцю хочуць пацьвердзіць значэньне фэстывалю для каталіцкай царквы”.

Рэкляма фэстывалю ля касьцёлу

Касьцёл сьвятога Станіслава ў дні фэстывалю

Канцэрт у касьцёле сьвятога Станіслава

Рэкляма аднаго са спонсараў на прычэпе з польскімі нумарамі

• “Фэстываль “Магутны божа” страціў свой дух...”, 12.07.2007 • На фэстывалі “Магутны Божа”, магчыма, прагучыць і беларуская мова, 11.07.2007