Берасьце: гарадзкія ўлады забаранілі пікет у падтрымку Аляксандра Казуліна

Радыё Свабода Берасьцейская абласная арганізацыя Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) атрымала адказ на сваю заяву, што тычылася правядзеньня пікету ў падтрымку лідэра партыі.
Аўтары заявы паведамлялі пра намер зладзіць пікет 10 ліпеня на вуліцы Савецкай у Берасьці. Меркавалася, што акцыя прыцягне ўвагу грамадзкасьці да лёсу экс-кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Аляксандра Казуліна, які быў асуджаны на пяць з паловай гадоў пазбаўленьня волі.

Аднак Берасьцейскі гарвыканкам адмовіў сацыял-дэмакратам у правядзеньні пікету, спаслаўшыся на тое, што адзіным месцам для такіх мерапрыемстваў вызначаны стадыён “Лякаматыў”.

Старшыня абласной арганізацыі БСДП (Грамада) Ігар Маслоўскі паведаміў, што стадыён, які месьціцца сярод прыватных забудоваў і абнесены высокай агароджай, не прыстасаваны для правядзеньня масавых акцыяў. Таму сацыял-дэмакраты маюць намер зьвярнуцца ў гарвыканкам, каб той вызначыў іншыя месцы, дзе можна ладзіць гэткія мерапрыемствы.