“ЗША заўсёды гатовыя працягнуць Беларусі руку дапамогі”

Зьміцер Падбярэскі, Менск Пра што пісалі беларускія газэты 10 ліпеня ў розныя гады мінулага.
“Известия Мозырского Совета Рабочих и Солдатских Депутатов и Мозырского Совета Крестьянских Депутатов” у 1917 годзе паведамляюць: “Керанскі выдаў распараджэньне, каб газэты “Правда”, “Солдатская Правда” і “Окопная Правда” ў будучыні не дапускаліся да распаўсюду ў войсках дзейнай арміі. Прыйшлі зьвесткі, што Ленін паведаміў сьледчым уладам аб жаданьні перадаць сябе ў рукі сьледчых уладаў у зьвязку з распараджэньнем аб ягоным затрыманьні. Троцкі зьвярнуўся з просьбай затрымаць яго дзеля небясьпекі самасуду натоўпу”.

“Nowe Zycie” ў 1927 годзе рэклямуе: “Найлепшае імгненьне ў жыцьці кожнага мужчыны і кожнай кабеты ёсьць імгненьне пацалунку. Аднак якім жа трагічным яно робіцца, калі каханы ці каханая адсоўваецца, уражаная непрыемным выдыхам з роту каханай істоты. Але ж гэтак лёгка абмінуць тую трагедыю, ужываючы выратавальны сродак “Фэрыентына”, які ліквідуе самы непрыемны пах з роту”.

“Народная воля”, год 1997. Пасол ЗША Кенэт Ялавіц перад ад’ездам на радзіму называе найбольш складаныя пэрыяды сваёй працы ў Беларусі: “Гэта і так званая “змова паслоў краінаў НАТО”, пра якую сказаў афіцыйны Менск увосень 1996 году. Гэта і “схоплены” вясной так званы “амэрыканскі шпіён”, супрацоўнік нашай амбасады. Гэта і некарэктны ўчынак адносна супрацоўніка Фонду Сораса. Гэта і іншыя канцэптуальныя разыходжаньні. Нягледзячы на ўсё гэта, ЗША тым ня менш заўсёды гатовыя працягнуць Беларусі руку дапамогі”.