Пачаўся перагляд справы Канстанціна Лукашова

Любоў Лунёва, Менск Сёньня ў судзе Ленінскага раёну Менску пачаўся новы разгляд крымінальнай справы супраць Канстанціна Лукашова. Яго вінавацяць у супраціве і нападзе на супрацоўніка міліцыі ў двары 3-га клінічнага шпіталю 29 сакавіка 2006 году, калі ён вывозіў адтуль свайго брата Вячаслава Сіўчыка.
У суд Ленінскага раёну Менску прыйшлі сваякі Канстанціна Лукашова, прадстаўнікі АБСЭ і часовы павераны ў справах амбасады Славацкай рэспублікі Любамір Рэгак. Судзьдзя Тацяна Жулкоўская дапытала сьведак у крымінальнай справе як з боку абвінавачаньня, так і з боку абароны.

У лютым суд Ленінскага раёну Менску пакараў Канстанціна Лукашова зьняволеньнем на два гады з адтэрміноўкай выкананьня пакараньня на два гады. Яго абвінавацілі ў супраціве міліцыянту летась 29 сакавіка, калі ён не пагадзіўся спыніць аўтамабіль на патрабаваньне чалавека ў цывільным. Канстанціна два месяцы трымалі пад вартай. 20-га лютага яго вызвалілі ў судовай залі.

Пасьля скаргі Лукашова Менскі гарадзкі суд адмяніў судовае рашэньне і прызначыў новае паседжаньне. Першы раз яго слуханьне адклалі з-за няяўкі пацярпелага міліцыянта Анатоля Сушчэні. Сёньня таксама давялося пачаць разгляд справы на паўтары гадзіны пазьней, бо пацярпелы своечасова не прыйшоў у суд.

В.Сіўчык: “Гэта помста мне за сакавік 2006 году”

Вячаслаў Сіўчык не бярэцца прагназаваць, якім будзе рашэньне суду. Ён упэўнены, што Канстанціна абвінавацілі, каб адпомсьціць за брата, які ўдзельнічаў у падзеях на Кастрычніцкай плошчы ў сакавіку 2006 году.

Сіўчык: “Я на гэты конт, наагул, не зьбіраюся рабіць ніякіх прагнозаў. Атрымалася, што я быў сьведкам гэтага эпізоду ад самага пачатку. Як я разумею, спачатку захады міліцыі былі на тое, каб затрымаць мяне. У які момант яны пераключыліся на майго брата, я ня ведаю. Рабіць цяпер нейкія прагнозы – вельмі няўдзячная справа. Адзінае, што я магу дакладна сказаць, што гэта помста мне за сакавік 2006 году. Помста, якая вельмі замешаная на зьдзеку”.

Судзьдзя абвесьціць прысуд 11 ліпеня.


Канстанцін Лукашоў

Канстанцін Лукашоў на волі 20.02.2007 Арыштаваны брат Вячаслава Сіўчыка Канстанцін 19.12.2006