Былы спэцназавец запісаў размову зь міністрам Навумавым наконт Казуліна

Алег Грузьдзіловіч, Менск У інтэрнэце зьявіліся вытрымкі з гутаркі міністра ўнутраных спраў Уладзімера Навумава з былым спэцназаўцам Ігарам Макарам, які ўцёк у Нямеччыну пасьля апошніх прэзыдэнцкіх выбараў. Вытрымкі з размовы паказваюць, што арышт Аляксандра Казуліна ў сакавіку 2006 году быў заплянаваны значна раней.
Вытрымкі з размовы міністра Ўладзімера Навумава з былым “алмазаўцам” Ігарам Макарам зьмясьціў у інтэрнэце былы начальнік менскага сьледчага ізалятара Алег Алкаеў, які ужо некалькі гадоў жыве ў Нямеччыне. Алег Алкаеў піша, што запіс размовы яму даў сам Ігар Макар, які ўцёк у гэтую краіну пасьля леташніх прэзыдэнцкіх выбараў.

Паводле Ігара Макара, ягоная размова з Уладзімерам Навумавым адбылася ў пачатку сакавіка 2006-га году. У той час Ігар Макар, які раней звольніўся з “Алмазу”, працаваў у ахове кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна. Міністар Навумаў нібыта хацеў завэрбаваць ахоўніка, казаў, што Казулін патрапіць у турму і гэтага не пазьбегне Ігар Макар, калі ня пойдзе ад Казуліна. Вось цытата са стужкі:
“Наступны будзеш ты... Яго ня будзе, а ты будзеш, як адрынуты...”
“Наступны будзеш ты... Ведаеш, калі чалавек займаецца ціха бізнэсам недзе... тады яго ... А калі нават ня будуць чапаць паводле крымінальнага артыкулу... Усё роўна... Яго ня будзе, а ты будзеш, як адрынуты...”

А.Волчак: я прыклаў запіс да скаргі ў пракуратуру

Ці сапраўды гэта казаў міністра Уладзімер Навумаў?

У прэсавай службе міністэрства ўнутраных спраў сказалі, што камэнтар міністра да зьяўленьня гэтага запісу там невядомы. “Калі я зь ім убачуся, то задам гэтае пытаньне”, – паабяцала кіраўніца прэсавай службы Кацярына Самусенкава-Шэлегава.

Праваабаронца Алег Волчак заявіў “Свабодзе”, што на стужцы гучыць голас Уладзімера Навумава. Алег Волчак кажа, што чуў запіс размовы былога спэцназаўца зь міністрам некалькі месяцаў таму.
А.Волчак: “Фактычна, Навумаў прызнаецца і кажа, што рана ці позна Казулін будзе сядзець”.
“Я ня толькі яго чуў, але і прыклаў да скаргі ў пракуратуру горада адносна зьбіцьця Казуліна спэцназаўцамі. Фактычна, Навумаў прызнаецца і кажа, што рана ці позна Казулін будзе сядзець. Голас Навумава гэта пацьвярджае, і трэба заводзіць справу супроць Навумава за арганізацыю перасьледу Казуліна і тое, што яму перашкаджалі на выбарах”.

На скаргі Алега Волчака ў пракуратуру Менска адказалі, што няма падстаў для завядзеньня крымінальных спраў супроць спэцназаўцаў, якія зьбівалі Аляксандра Казуліна. Адносна ролі ў гэтай гісторыі міністра Навумава ў адказах пракуратуры ўвогуле нічога няма. Паводле прэсавага сакратара менскай пракуратуры Алега Агафонава, пракуратура тут ні пры чым.

“Скажам так: калі прысуд Казуліну вынесены судом, а потым Вярхоўны суд адхіліў скаргу, то пры чым тут менская пракуратура?”

І.Макар у Нямеччыне асьцерагаецца помсты беларускіх спэцслужбаў

Пагутарыць з былым спэцназаўцам Ігарам Макарам пакуль не ўдалося – паводле Алега Волчака, які бачыўся з Макарам у Нямеччыне, той асьцерагаецца помсты беларускіх спэцслужбаў і абмежаваў свае кантакты.

Алег Волчак нагадаў, што Ігар Макар быў гатовы выступіць сьведкам на працэсе над Аляксандрам Казуліным. Гэта было дакладна год таму. Былы спэцназавец хацеў распавесьці пра сваю размову з Уладзімерам Навумавым, каб даказаць суду, што супроць Аляксандра Казуліна рыхтавалася спэцапэрацыя. Але судзьдзя Маскоўскага суду Менска Аляксей Рыбакоў адмовіўся выклікаць у суд Ігара Макара ў якасьці сьведкі. Празь некалькі месяцаў Ігар Макар уцёк у Нямеччыну, дзе атрымаў палітычны прытулак.

А.Алкаеў, “Тайнае робіцца яўным”, “Беларускі партызан”, 09.07.2007 Казулін перадаў на волю тэкст свайго апошняга слова, 20.07.2006 Казулін шосты раз спрабаваў адвесьці судзьдзю Рыбакова, 12.07.2006