Сяргей Астраўцоў, Горадня Хто пагражае Беларусі? На гэтае пытаньне адказвалі гарадзенцы, зь якімі размаўляў наш карэспандэнт.
Малады спадар: “Каму мы патрэбныя, яшчэ браць пад сябе гэтае жабрацтва? Гэта ідэалёгія такая ў дзяржаве, што самі сабе прыдумляюць пагрозы, праблемы...”
Маладзён: “Думаю, што няма ніякіх пагрозаў, я ня бачу ніякіх ворагаў”.
Малады спадар: “Думаю, што ніякай варожасьці з боку іншых краінаў няма – няма ніякай пагрозы”.
Маладзён: “Палітыка нашай беларускай дзяржавы не задавальняе суседнія краіны, мы ж аб’ядноўваемся нібыта не з Захадам, а з Расеяй”.
Ягоны сябра: “А Расея нам пагражае толькі тым, што хоча ператварыць Беларусь не ў сувэрэнную дзяржаву, а ў сваю губэрню. Карацей, мы страцім дзяржаўнасьць і ператворымся ў звычайную вобласьць”.
Спадар: “Думаю, што ніхто ня хоча нападаць на Беларусь, сёньня гэта нікому ня трэба. Я сумняваюся, што сёньня хтосьці пры заходнім якасным жыцьці палез бы на кагосьці — не, ніколі!”
Малады спадар: “Не, хто нам будзе пагражаць? Мы ўсе нармальныя людзі, ставімся адзін да аднаго нармальна, усе добрыя суседзі”.
Дзяўчына: “Я думаю, што Беларусі ніхто не пагражае, але калі глядзець тэлевізар, то такое пачуць можна, але мы яго апошнім часам не глядзім”.
Яе сяброўка: “Ворагі Беларусі ёсьць у Беларусі — кожны, атрымліваецца, вораг сам сабе, і ня трэба шукаць за мяжой”.
Хлопец: “Няма ў нас ворагаў, толькі ўсе ўнутры, пачаць трэба з высокіх чыноў... А так: хто нам можа пагражаць? Суседнія краіны? Не!”
Малады спадар: “Я думаю, што ў нас усё нармальна, ніхто нам не пагражае”.
Спадар: “Думаю, ніхто нам не пагражае. Паводле Канстытуцыі, Беларусь праводзіць нэўтральную палітыку, не далучаецца ні да якіх блёкаў, так што думаю, няма ў нас такіх ворагаў, якіх, можа, нам малююць або пра якіх гавораць. Я ўпэўнены, што іх няма”.
Малады спадар: “Я лічу, што наяўных ворагаў у Беларусі няма. Я ня бачу краінаў, якія б хацелі парушыць наш сувэрэнітэт”.
Малады спадар: “Ня думаю, што хтосьці хоча на нас напасьці, у нас толькі запалохваньне існуе. Толькі незразумела — навошта?”
Спадар: “Мы мірныя людзі, і нам баяцца няма чаго”.
Маладзён: “Думаю, што наўрад: пагражаць Беларусі — гэта нікому не патрэбна, хіба што толькі Расеі”.