Рада ААН скасавала пасады спэцдакладчыкаў для Беларусі і Кубы

Алена Струвэ, Менск Рада ААН у правох чалавека выключыла Беларусь ды Кубу з “чорнага сьпісу краін”, якія патрабуюць сталага назіраньня. Рашэньне было прынятае позна ўначы. Паседжаньне, якое агулам працягвалася 14 гадзін, некалькі разоў спынялася ў зьвязку са спробай асобных краін блякаваць праект кампраміснага пагадненьня аб новых мэханізмах назіраньня за правамі чалавека.
Паводле дыпляматаў, Беларусь і Куба сталі гэтак званай “разьменнай картай” для сяброў Рады дзеля таго, каб гарантаваць далейшую дзейнасьць гэтага новага праваахоўнага органу ААН.

Сваё рашэньне Рада аргумэнтавала тым, што ў гэтых абедзьвюх краінах спэцдакладчыкі працавалі больш за шэсьць гадоў.

Выключыўшы Беларусь са сьпісу краін, дзе неабходна зьдзяйсьняць кантроль за правамі чалавека, Рада ААН перагледзела рашэньне, якое раней было прынятае структурай-папярэдніцай – Камісіяй у правох чалавека .

Згодна з рашэньнямі Рады ААН, сталае назіраньне застанецца ў дзевяці праблемных краінах, уключна з Паўночнай Карэяй, Камбоджай, Суданам, Самалі. У дачыненьні да іншых краін-сяброў ААН будзе ўжывацца практыка пэрыядычнага назіраньня за станам правоў чалавека.

• Беларусь пакуль застаецца ў "чорным сьпісе" ААН, 18.06.2007 • Рада ААН зьбіраецца выключыць Беларусь з “чорнага сьпісу”, 18.06.2007 • Беларусь не абраная ў склад Рады ААН у прaвох чалавека , 17.05.2007