У Варшаве прайшла прэм''ера спэктаклю паводле п''есы Курэйчыка

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Варшаве ў тэатры “Старая Прахоўня” зь вялікім посьпехам прайшлі прэм’ерныя паказы спэктаклю “Неба” па п’есе беларускага драматурга Андрэя Курэйчыка, які паставіла польская рэжысэрка Ганна Ядоўска.
“Неба” – гэта назоў музычнага клюбу, які зь вялікай цяжкасьцю, прайшоўшы праз дзясяткі чыноўніцкіх кабінэтаў, адкрываюць маладыя менчукі, каб мець мейсца “дзе маглі б танчыць свабодныя людзі” і слухаць музыку на беларускай мове.

Аднак клюб вытрымаў нядоўга з-за “дзяржаўнага рэкэту” і адмовы плаціць хабар, ягоны ўладальнік апынуўся за кратамі.

“Тут уся барадзьба ідзе галоўным чынам у галовах беларусаў. Як можна жыць, калі вакол дэкрэты, пагроза нейкая, несвабода? Мы хацелі паказаць, што людзі, якія жывуць у Беларусі, нічым ад нас не адрозьніваюцца. Справа толькі ў тым, што пра некаторыя рэчы яны вымушаныя размаўляць паціху, бо ня могуць, як мы, выйсьці і гаварыць пра іх на вуліцы”, – кажа Анджэй Анджэеўскі, які ў спэктаклі грае Мікіту – ўладальніка клюбу і нефармальнага лідэра групы менскай моладзі.

“Неба” – гэта трагікамэдыя, якую крытыкі хваляць за паказ звычайнай сытуацыі, у якой апынуўся звычайны беларус, не апазыцыянэр ці праваабаронца. Заля ў часе спэктакляў – перапоўненая.

Гаворыць беларускі рэпэр Кроў, які ў спэктаклі грае самога сябе.

“У мяне ўражаньні самыя добрыя. Галоўнае, што п’еса прымушае задумацца. Ёсьць у ёй і вясёлыя моманты і такія, што дрыжыкі па целе прабягаюць, але мы задумваемся. Без нейкай ідэалёгіі вялікай, а проста бачым тое, што цяпер адбываецца – абсурды ўсе гэтыя”.

Варшаўскія гледачы на прэм''еры спэктаклю "Неба" паводле А. Курэйчыка

Акторы дзякуюць гледачам на прэм''еры спэктаклю "Неба" паводле А. Курэйчыка