У Смаргоні апраўданы Ўладзімер Шульжыцкі

Міхал Карневіч, Гарадзенская вобласьць Судзьдзя смаргонскага суду Аляксандар Квяткевіч апраўдаў Уладзімера Шульжыцкага з-за “адсутнасьці складу злачынства”. 18-гадовы Уладзімер Шульжыцкі з асабістай ініцтятывы на невялікіх аркушах паперы пісаў абвесткі зь пералікам хваляў Радыё Свабода і закідваў іх у паштовыя скрынкі. На аркушах ён дапісваў свой мабільны тэлефон на выпадак, калі некаму ня ўдасца наладзіць прыймач.
Аднойчы нехта затэлефанаваў яму і папрасіў дапамогі і пакінуў адрас. Калі Ўладзімір пайшоў на той адрас, амаль пад самымі дзьвярыма яго чакалі ўчастковы і яшчэ некалькі міліцыянтаў. Тады яны сказалі, што шукаюць злачынцу і запатрабавалі, каб Шульжыцкі пайшоў зь імі ў пастарунак. Там на яго склалі пратакол, але не за распаўсюд абвестак з хвалямі, а нібыта за тое, што Ўладзімер нецэнзурна лаяўся.

Сёньня ў судзе высьветлілася, што тэлефонны званок да Шульжыцкага быў зроблены з Смаргонскага пастарунку, а міліцыянты, якія яго затрымвалі, пачалі блытацца ў паказаньнях і нічога яснага не маглі паведаміць. Таму судзьдзя й прыняў апраўдаўчае рашэньне.

Адразу пасьля вынясеньня прысуду Ўладзімер Шульжыцкі адказаў на нашыя пытаньні:

- Ці зьбіраецеся Вы працягваць сваю інфармацыйную дзейнасьць і раздаваць абвесткі з хвалямі “Радыё Свабода”?

- Канешне, гэтая справа будзе працягнута. Буду раздаваць каляндарыкі. Каляндарыкі – гэта, канешне, добра, але на іх, на жаль, няма майго нумару тэлефона. Ну але каляндарыкі некалі скончацца, дык тады будзем раздаваць лісткі, якія раздавалі раней.

– Ці шмат людзей у вашых мясьцінах слухае “Радыё Свабода”?

– Ну, напэўна, ня вельмі шмат. Але са мной нядаўна была такая гісторыя. Неяк я ехаў, і ноччу на цёмнай дарозе ў мяне сапсаваўся ровэр. Я заехаў да людзей, каб яны мне далі інструмэнт і дапамаглі крыху. Яны далі інструмэнт, я ўсё зрабіў і ў падзяку даў ім каляндарыкі “Радыё Свабода”. А яны пытаюцца – гэта не пра цябе казалі, што ты 40 кілямэтраў на ровэры праехаў на Чарнобыльскі шлях? Так што людзі ў нас яшчэ слухаюць, і, мяркую, яшчэ ня ўсё скончана...

• Прэзыдэнт РСЭ/РС Джэф Гедмін: Перасьлед слухача трывожыць і шакуе, 26.04.2007 • У. Шульжыцкі праехаў 40 км на ровары на “Чарнобыльскі шлях”, 27.04.2007 • Смаргонь: суд над актывістам перанесьлі на няпэўны час, 26.04.2007 • Смаргонь: 18-гадовага актывіста судзяць за распаўсюд рэклямы Радыё Свабода, 25.04.2007