Талачын: масава захварэлі школьнікі

Радыё Свабода У вучняў талачынскай школы №1 дыягнаставалі вострую кішэчную інфэкцыю. У раённым шпіталі знаходзяцца больш за трыццаць чалавек, пераважна вучні малодшых клясаў.
Стан дзяцей мэдыкі ацэньваюць як здавальняючы. Паводле галоўнага лекара Талачынскага раённага цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі Людмілы Ракоўскай, усім дзецям аказалі неабходную мэдычную дапамогу.

У школе №1 праводзіцца комплекс супрацьэпідэмічных і дэзынфэкцыйных мерапрыемстваў.

На месца здарэньня выехалі адмыслоўцы раённага і абласнога санэпідцэнтраў, а таксама супрацоўнікі Міністэрства аховы здароўя.

Дзяцей з сымптомамі інфэкцыі ўсё болей — першы пацыент быў шпіталізаваны ўчора раніцай, і яшчэ тры дзясяткі дзяцей трапілі ў шпіталь цягам наступных сутак.

Прычыны ўзьнікненьня інфэкцыйнага захворваньня назавуць толькі праз тры дні, калі стануць вядомыя вынікі аналізаў.