Удзельнікаў акцыі супраць скасаваньня льготаў аштрафавалі

Любоў Лунёва, Менск Суд Маскоўскага раёну Менску аштрафаваў актывістаў моладзевага дэмакратычнага руху Яна Міхайлава й Міколу Коршунава на 10 базавых велічыняў (310 тысяч рублёў).
Хлопцы ўдзельнічалі ў акцыі пратэсту супраць скасаваньня льготаў студэнтам, пэнсіянэрам ды іншым сацыяльна неабароненым катэгорыям насельніцтва. Міколу і Яна абвінавацілі ў парушэньні закону аб масавых мерапрыемствах.

Больш за дзясятак актывістаў моладзевага дэмакратычнага руху прыйшлі падтрымаць Яна Міхайлава й Міколу Коршунава ў суд Маскоўскага раёну Менску.

Гаворыць Галіна Веткіна:

“Я прыйшла, каб падтрымаць свайго сябра, таксама і Міколу Коршунава, таму што гэта несправядліва. Яны ні ў чым не вінаватыя. Чаму іх судзяць? Яны выйшлі за інтарэсы іншых людзей — і за мае інтарэсы таксама. Вось і прыйшла іх падтрымаць”.

Нагадаем, хлопцаў затрымалі 23 траўня пасьля таго, як яны намагаліся правесьці акцыю на плошчы Незалежнасьці. Паколькі спэцназаўцы выціснулі людзей з плошчы, некалькі моладзевых актывістаў сталі з расьцяжкай “Не — скасаваньню льготаў!” на вуліцы Ленінградзкай.

Спэцназаўцы затрымалі Яна Міхайлава й Міколу Коршунава. Міліцыянты ў Маскоўскім аддзеле міліцыі склалі на іх пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Ноч хлопцы правялі ў турме на вуліцы Акрэсьціна.

Гаворыць Ян Міхайлаў:

“Пайшоў, бо ня згодны з адменай льготаў. У чым я вінаваты? У тым, што выйшаў на вуліцу? Лічу, што ўлада не жадае, каб моладзь выходзіла з такімі патрабаваньнямі. Студэнты ня выйшлі таму, што іх запалохваюць. Пра гэтую акцыю няшмат людзей ведала”.

Справу Міколы Коршунава разглядалі ў суседняй залі й прысуд (штраф 10 базавых велічыняў) зачыталі амаль адначасова.

Мікола апавёў, як зь ім абыходзіліся падчас затрыманьня:

“Каля нас затрымалі, то мяне зьбівалі ў машыне. Вось ёсьць сьведкі. Казалі, што за тое, што я нібыта супраціўляўся... Зьбіваў спэцназавец. У пратаколе запісана ягонае прозьвішча. Потым, калі нас ужо прывезьлі, то казалі, што мы ў нечым вінаватыя, запісалі пашпартныя зьвесткі й пасадзілі. Увечары, недзе а дзявятай ці дзясятай нас адвезьлі на Акрэсьціна”.

Мікіта Красноў пракамэнтаваў “Свабодзе” прысуды:

“Я лічу, што іх аштрафавалі нягледзячы на тое, што іх віны не было. Улады вырашылі не арыштоўваць хлопцаў, каб не ўздымаць пытаньня пра льготы. Ім далі штрафы, каб хоць як-небудзь іх пакараць”.

Моладзевыя актывісты паведамілі, што нягледзячы на затрыманьні, акцыі супраць скасаваньня льготаў працягнуцца да сярэдзіны верасьня.

Ян Міхайлаў

Мікола Коршунаў

Паплечнікі ў будынку суду