Беларускія каталікі зьвяртаюцца да папы Бэнэдыкта XVI па падтрымку

Радыё Свабода Група рыма- і грэка-каталікоў – грамадзкіх і культурных дзеячоў Беларусі – зьвярнуліся з адкрытым лістом да Папы Рымскага Бэнэдыкта XVI з просьбай аб дапамозе ў захаваньні і вяртаньні вернікам касьцёла сьвятога Язэпа. У лісьце, у прыватнасьці, гаворыцца: “Мы, беларускія хрысьціяне -- грамадзкія і культурныя дзеячы – зьвяртаемся да Вас з просьбай аб малітоўнай дапамозе ў зьберажэньні ад зьнішчэньня ў сталіцы Беларусі горадзе Менску адзінага закрытага касьцёла з кляштарным комплексам XVII стагодзьдзя, які не пасьпелі зьнішчыць царскія і савецкія атэістычныя ўлады”.
Грамадзкія і культурныя дзеячы Беларусі адзначаюць, што яшчэ 7 жніўня 2001 году была зарэгістравана парафія касьцёла сьвятога Язэпа, але ў парушэньне правоў вернікаў храм так і ня быў перададзены каталіцкаму касьцёлу.

Пад зваротам падпісаліся народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін, мастак Аляксей Марачкін, рэдактар газэты “Наша Ніва” Андрэй Дынько, прафэсар Юры Хадыка, віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі, праваабаронца Валянцін Стэфановіч, старшыня Камітэту абароны рэпрэсаваных “Салідарнасьць” Іна Кулей ды іншыя, разам 19 чалавек.