“Начная аБЛОГа” – 7 траўня

Зьміцер Падбярэскі, Менск Агляд беларускага сеціва.


На форумах парталу tut.by абмяркоўваюцца вынікі выступленьня зборнай Беларусі на хакейным чэмпіянаце сьвету. Зборная Беларусі прайграла сёньня камандзе Нямеччыны зь лікам 5:6.

Arthure Ch. Clark: “Я баюся толькі аднаго. Як бы Фрэйзера не зьнялі. У параўнаньні зь мінулым годам наш склад вельмі амаладзіўся. І, шчыра кажучы, я ня надта й спадзяваўся на выхад з групы ў першым крузе, хоць ведаў, што аўстрыйцаў павінны біць на клясе. Гульня ў многіх аспэктах была жахлівая. Уласны “пятак” прайгралі чытса, рэалізацыя бальшыні жахлівая, плюс і Мезін не выратоўваў. Такіх дзіцячых памылак ня робяць варатары 95-97 гадоў на “Юности”)”.

thorindwarf, які назіраў сёньня за хакейным матчам Беларусь – Нямеччына, не ўстрымаўся ад камэнтароў ва ўласным блогу thorindwarfа: “За нямецкую брамку прабраўся дывэрсант! Чувачок адчайна махае “няправільна дзермакрацічаскім” сьцягам Беларусі падчас кожнай “банкі”, якая залятае ў брамку дойчлендофф:))”

“Хто мне растлумачыць, чым уладам перашкаджаюць інваліды-вазочнікі? Навошта аўтазакі ў дварах, навошта спэцназ? Няўжо 50 інвалідаў – гэта страшная сіла? А самае галоўнае пытаньне: колькі трэба плаціць АМАПу, каб ён сябе так паводзіў?” – задаўся пытаньнем ва ўласным блогу doc_livsi. Аўтар дзёньніка такім чынам адгукаецца на мітынг і шэсьце, якое ў суботу, 5 траўня, зладзілі інваліды-вазочнікі. Ад плошчы Багналор яны праехалі да будынку Адміністрацыі прэзыдэнта і перадалі чыноўнікам сваю пэтыцыю.

tanchyk: “І як яны сябе паводзілі? Ці вы лічыце, што яны б пачалі іх разам з каляскамі закідваць у аўтобусы? Мяркую, што да такой ступені яшчэ АМАП, а прынамсі яго кіраўніцтва, не дайшлі. У выпадку разгону быў бы скандал на ўвесь сьвет...”

shoihed заўважае: “Вазочнікі, безумоўна, перашкаджаюць! Навошта гэтай краіне столькі інвалідаў?”.

Зьявіўся новы сайт “Ратуйма Гродна”. У разьдзеле навінаў паведамляецца: “Абаронцы старой Гародні пачалі збор подпісаў сярод жыхароў гораду пад скаргай у абласную пракуратуру з прычыны шматлікіх парушэньняў заканадаўства Беларусі ў час “бульдозэрнай рэканструкцыі”. Тут жа можна спампаваць узор скаргі і тым самым дапамагчы ўсім, хто спрабуе абараніць старую частку легендарнага беларускага гораду. Ёсьць на сайце і сьпіс адказных асобаў, якія прычыніліся да пляну татальнай рэканструкцыі гістарычнай часткі Горадні.

У суполцы minsk-by Ягор Шумскі зьмясьціў допіс: “Прашу зьвярнуць увагу на працу менскага мэтрапалітэну. За апошні месяц двойчы (25 сакавіка і 26 красавіка) з надуманых прычынаў не працавалі станцыі “Купалаўская” і “Плошча Якуба Коласа”. Кіраўніцтва мэтрапалітэну трымае грамадзянаў за бараноў і падрывае давер да улады. Куды глядзіць кіраўніцтва гораду? Гэтае самавольства ня ўпісваецца ў лінію ўнутранай палітыкі дзяржавы і кідае цень на прэзыдэнта Лукашенку А.Р. Патрабую прыняць адэкватныя меры”. Гэты ж самы тэкст Ягор Шумскі зьмясьціў на сайце Менгарвыканкаму яшчэ 27 красавіка гэтага году, але адказу ад гарадзкіх уладаў Ягор не дачакаўся.