Прэзыдэнт Эўрапарлямэнту: “Беларусь - важная краіна ў Эўропе”

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Прэзыдэнт Эўрапейскага парлямэнту Ганс-Герт Пётэрынг браў сёньня ўдзел ва ўрачыстасьцях у Варшаве з нагоды гадавіны ўхваленьня Канстытуцыі 3 траўня. Перад сваім выступам у часе ўрачыстасьцяў спадар Пётэрынг асобна вітаў прадстаўніка Беларусі Аляксандра Мілінкевіча. Ганс-Герт Пётэрынг даў кароткае інтэрвію нашаму радыё.
Карэспандэнт: “Што б Вы сказалі усім беларусам, калі б мелі магчымасьць да іх зьвярнуцца?”

Ханс-Герт Пётэрынг: «Беларусь – гэта важная краіна ў Эўропе. А мы падтрымліваем ва ўсіх кріанах, дзе няма свабоды асобы, не шануюцца правы чалавека, тых людзей, якія за гэтую свабоду і нашыя агульныя эўрапейскія каштоўнасьці змагаюцца. Аляксандар Мілінкевіч, які атрымаў прэмію Эўрапарляэнту імя Сахарава, і ўсе людзі, якія працуюць зь ім, маюць нашую поўную падтрымку».

Карэспандэнт: “У Варшаву на ўрачыстасьці з нагоды гадавіны прыняцьця Канстытуцыі 3 траўня прыехалі кіраўнікі парлямэнтаў шэрагу краінаў, высокапастаўленыя дыпляматы, прэзыдэнт Эўрапарлямэнту. Калі ў падобных урачыстасьцях змогуць узяць удзел і афіцыйныя прадстаўнікі Беларусі?”

Ханс-Герт Пётэрынг: «Я спадзяюся, што прыйдзе дзень, калі дэмакратыя ў Беларусі пераможа, стане рэальнасьцю, і тады надыйдзе і дзень, калі афіцыйная дэлегацыя Беларусі будзе таксама браць удзел у такіх урачыстасьцях. Але гэта, канешне, не мая роля – запрашаць сюды, гэта права Польшчы і Літвы».

Карэспандэнт: “Ці плянуе Эўрапейскі парлямэнт ў бліжэйшым часе яшчэ нейкім чынам падтрымаць дэмакратычныя перамены ў Беларусі?”

Ханс-Герт Пётэрынг: «Мы ўжо моцна падтрымліваем рух за дэмакратыю і правы чалавека ў Беларусі і будзем працягваць рабіць гэта. Сёньня ў часе размовы з Аляксандрам Мілінкевічам, якая, дарэчы, была вельмі цікавай, я сказаў яму, што ў любы момант, калі ён ці ягоныя паплечнікі будуць мець патрэбу наведаць Эўрапейскі парлямэнт, сустрэцца з дэпутатамі, з прэзыдэнтам парлямэнту, мы гатовыя яго прыняць. Мы адкрытыя для ўсіх беларусаў, якія мірным шляхам змагаюцца за свабоду».