А.Бяляцкі — віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека

Алесь Дашчынскі, Менск Праваабаронца Алесь Бяляцкі абраны віцэ-прэзыдэнтам Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека. Сэсія гэтай уплывовай міжнароднай арганізацыі праходзіла ў Лісабоне. Яе праваабарончыя цэнтры знаходзяцца амаль у 140 краінах сьвету.
Алесь Бяляцкі стаў адным зь віцэ-прэзыдэнтаў Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека — першы ў постсавецкай прасторы:

“Тое, што мяне абралі віцэ-прэзыдэнтам, гэта гаворыць пра цікавасьць міжнароднай супольнасьці і трывогу пэўную за тое, што ў нас адбываецца. Яны такім чынам прызнаюць, што сытуацыя ў Беларусі ненармальная.

Мы задаволеныя тым, што адбылося, бо праблемы з правамі чалавека ў Беларусі можна будзе ставіць на даволі высокім узроўні й рабіць гэта значна больш інтэнсіўна, чым гэта ў нас атрымлівалася раней.

Бо сама Міжнародная фэдэрацыі правоў чалавека мае дастаткова міжнародных інструмэнтаў для падняцьця пытаньняў аб правах чалавека на міжнародным узроўні”.

Міжнародная фэдэрацыя правоў чалавека мае бюро ў Жэнэве пры ААН, прадстаўніцтва ў Радзе Эўропы й наладжаныя кантакты з АБСЭ.

Падчас канфэрэнцыі ў Лісабоне прынялі рэзалюцыю пра сытуацыю з правамі чалавека ў постсавецкіх краінах. Шмат увагі там надаецца Беларусі.

“Апроч таго, у нас вялася дастаткова актыўная дыскусія падчас абмеркаваньня пытаньня аб ужываньні міжнароднай юрысдыкцыі да розных краінаў сьвету. У тым ліку разглядалася пытаньне, якім чынам гэты інструмэнт можна ўжыць да Беларусі, да справаў зьніклых у Беларусі.

Я думаю, што гэтыя магчымасьці беларускія праваабаронцы будуць мець — і змогуць выкарыстоўваць іх больш поўна. І тут шмат што залежыць ня толькі ад міжнароднай супольнасьці, якая дае нам гэтыя інструмэнты, колькі й ад нашай актыўнасьці”.

Алесь Бяляцкі сказаў, што цяпер абавязкаў у яго пабольшае. Але ён мяркуе, што гэта не аслабіць яго дзейнасьці менавіта ў Беларусі.

“Натуральна, што я буду старацца спалучаць гэта. Кола абавязкаў цяпер у мяне павялічваецца, таму нечым давядзецца ахвяраваць. Але зь іншага боку, я думаю, адбудзецца такая якасная кампэнсацыя. Будзе магчымасьць на даволі высокіх узроўнях падымаць пытаньне аб Беларусі — там, дзе раней мы ня мелі такой магчымасьці”.

Алесь Бяляцкі лічыць сымбалічным тое, што канфэрэнцыя ў Лісабоне адбывалася ў чарговую гадавіну партугальскай рэвалюцыі гвазьдзікоў, калі скінулі дыктатарскі рэжым Салязара й пачаліся дэмакратычныя перамены.

Праваабарончы цэнтар “Вясна”, лідэрам якога зьяўляецца Алесь Бяляцкі, стаў сябрам Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека у 2004 годзе. Гэта адбылося пасьля таго, як беларускія ўлады пазбавілі “Вясну” рэгістрацыі за назіраньне падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году.