Аблога 13 красавіка

Юлія Шарова, Менск Аблога 13 красавіка.
На форумах парталу абмяркоўваюць навіну “Масква прапанавала Менску знайсьці больш пераканаўчыя аргумэнты для атрыманьня крэдыту”. Гаворка ідзе пра стабілізацыйны крэдыт у памеры да 1,5 мільярдаў даляраў. Удзельнікі форумаў камэнтуюць:

“Я мяркую, Масква выдасьць грошы толькі на ўмове закладу самых прыбытковых прадпрыемстваў”.

“Ай, гуляць дык гуляць... Няхай забіраюць БеСТ і Камвольны ўсяго за 1,5 мільярда даляраў!”

“Новая, больш пераканаўчая матывацыя для атрыманьня расейскага крэдыту: вельмі есьці хочацца. Такая не супярэчыць правілам Усясьветнай гандлёвай арганізацыі ды прынцыпам міжнароднага гандлю”.

“Дзіўна... а навошта нам крэдыт увогуле? Прэзыдэнт учора сказаў, што ў нас усё супэр, што мы вытрывалі гэты ўдар і што ў нас нават лепей стала, чым калі б удару не было...”

Petra_leleka піша ў суполцы Жывога журналу пра прычыны закрыцьця сайту Аляксандра Казуліна. “...Рэальна сайтам кіруе адзін чалавек – адвакат Воўчак, былы памежнік, юрыст... Пасьля кароткай нарады, тэхнічная група “Трэцяга шляху”, якая ажыцьцяўляла тэхнічнае забесьпячэньне сайту kozylin.com і валодае гэтым дамэнам, хостынгам і праграмным забесьпячэньнем, прыйшла да высновы, што сайт зьняволенага экс-кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна цяпер захоплены прайдзісьветамі й выробнікамі фальшывак, што рэальна кампрамэтуе барацьбу Аляксандра Казуліна, якую ён вядзе супраць рэжыму. Мы адключылі Алега Воўчака ды ягоную каманду ад кіраваньня сайтам і лічым, што зрабілі слушна. Мы не змаглі пайсьці супраць свайго сумленьня й не дапусьцілі ў сеціва хлусьню й правакацыю”.

Вось што на гэты конт думаюць чальцы суполкі:

“Прыгажосьць! Апазыцыянэры б’юцца – трэскі лятуць. Сюжэт для БТ выдатны”.

“І гэтыя людзі рвуцца да ўлады? А што было б, калі б прарваліся? Танны цырк...”

“Аўтар, скажыце, а якія доказы былі?”

У сеціве зьявіўся На старонцы зьмешчаная інфармацыя пра меркаванае шэсьце ў Менску 26 красавіка, а таксама пра шэраг акцыяў, што ладзяцца да чарговай гадавіны чарнобыльскай аварыі – напрыклад конкурс малюнкаў і плякатаў. Ёсьць на сайце і артыкулы навукоўцаў, прысьвечаныя чарнобыльскай праблематыцы.

У суполцы зьявіўся новы каляж: містэр Фікс задае пытаньні на прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнку. “Містэр Лукашэнка, ці маеце Вы плян?” “Гм!.. Ці маю я... ПЛЯН?! Я маю тры пляны і трох сыноў”.