Як зьмяніўся дабрабыт менчукоў за апошнія тры месяцы?

Севярын Квяткоўскі, Менск Некаторыя менчукі не заўважаюць росту цэнаў, іншыя наракаюць на рэзка ўзрослы кошт жыцьця, а хто-ніхто зьвязвае сваё эканамічнае становішча з эканамічным канфліктам Расеі й Беларусі.
Слухаць:



Дзяўчына: “Цэны практычна не павялічыліся”.

Бабуля: “Усё даражэйшае! Яйкі былі 2050 рублёў, а цяпер 2150 рублёў. Каўбаскі, што я заўжды купляла, былі 7250 рублёў, а цяпер яны каштуюць 8400”.

Спадар: “Не нашмат, але жыцьцё падаражэла. Пакуль вытрымліваем. З аднаго боку, трэба наладжвацца на рынкавыя дачыненьні. Зь іншага боку — цяжкавата, але што рабіць? Трэба да гэтага прызвычайвацца”.

Кабета: “Я захапляюся бананамі, дык бананы падаражэлі. А камунальныя паслугі вельмі заўважна падаражэлі”.

Спадар: “Паўзучае даражэньне ідзе: паціху, але ўвесь час. Але вялікіх скачкоў я не заўважыў. Праўда, бэнзін даражэў рэзка. Калі апошні раз мяняў аліву ў аўтамабілі, дык каштавала ўдвая таньней”.

Карэспандэнт: “Вы сытуацыю як-небудзь зьвязваеце з дачыненьнямі з Расеяй?”

Спадар: “Вядома, як інакш. Пэўна, беларускае кіраўніцтва дзярэ з усіх бакоў, каб кампэнсаваць свае страты”.

Кабета: “Я заўважыла, што дапамога на дзіцёнка паменшала. Муж зарабляе 200 тысяч. Мне цяжка заўважыць зьмены, бо мы сябе абмяжоўваем ва ўсім, амаль нічога не купляем”.