У рэгіёнах сябры апазыцыі заблякаваныя ў кватэрах

Вячаслаў Кулік, Менск Сёньня міліцыя і КДБ у рэгіёнах працягваюць сачыць за кватэрамі апазыцыянэраў.
У Гомелі актывіст прадпрымальніцкага руху Леанід Невар рамантуе бацькоўскую хату. Ад 11 гадзінаў побач каравуліць міліцэйская аўтамашына. Спадар Невар зачыніў уваход.

“Мая жонка знаходзіцца ў анкалягічным аддзяленьні лякарні, ёй патрабуецца ўвага і дапамога. Пра гэта ведаюць міліцыянты, бо праслухоўваюць тэлефон. Але, відавочна, у іх няма сумленьня, калі хочуць падлавіць мяне нават на гэтым”.

Не пакідаюць сёньня кватэры сябры БНФ у Белаазёрску. Юрась Губарэвіч, Зьміцер Трацяк і Яўген Пракурат паведамляюць, што зноў сочаць міліцыянты.

У Салігорску, як паведаміў Радыё Свабода праваабаронца Леанід Мархотка, у пастарунку райаддзелу міліцыі ўтрымліваецца Дзяніс Карноў. Напярэдадні актывіста незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” міліцыянты арыштавалі на кватэры.

“А ў пратаколе напісалі, што Дзяніс затрыманы на вуліцы, дзе нібыта брыдка лаяўся”.

У Бабруйску сёньня бацькі “маладафронтаўца” Валерыя Мацкевіча дамовіліся на дапамогу адваката. Юнак арыштаваны ўчора. Міліцыянты даводзяць пра дробнае хуліганства.