Міраслаў Дэмбіньскі: гэта ўзнагароды ня фільму, але беларускай справе

Сяргей Абламейка, Прага Ад 1 да 8 сакавіка ў Празе адбываецца Міжнародны фэстываль дакумэнтальных фільмаў праваабарончай тэматыкі. Фільм польскага рэжысэра Міраслава Дэмбіньскага “Урок беларускай мовы” атрымаў на ім два прызы. Адзін з гэтых прызоў штогод прысуджае адмысловае журы пад ганаровым кіраўніцтвам Вацлава Гаўла – за фільм, які ўносіць надзвычайны ўклад у справу абароны правоў чалавека. Другі прыз – за лепшы фільм у намінацыі “Наступнае пакаленьне Эўразьвязу” прысуджае студэнцкае журы фэстывалю. Сёньня, у апошні дзень фэстывалю, Міраслаў Дэмбіньскі даў Беларускай службе Радыё Свабода эксклюзіўнае інтэрвію.
Дэмбіньскі: Гэтыя дзьве ўзнагароды вельмі важныя. Мне прыемна, што фільм, які я зрабіў, быў узнагароджаны. Але я ўспрымаю гэта ня як узнагароды фільму, але як узнагароды той справе, якую я хацеў паказаць у сваім фільме. Справа Беларусі вельмі важная і вельмі актуальная і трэба прыкласьці шмат высілкаў, каб Беларусь і яе праблему прапагандаваць як найшырэй. І гэтыя ўзнагароды, і гэты фэстываль важныя для мяне таму, што яны зьвяртаюць увагу на беларускія праблемы. Дзеля гэтага я стараюся паказваць гэты фільм як мага шырэй – наколькі гэта магчыма. Tут, у Заходняй Эўропе гэты фільм быў ужо шмат разоў паказаны на розных фэстывалях. Але для мяне таксама важна, каб гэты фільм трапіў і ў Беларусь, каб ён прарваў тую прапагандысцкую лукашэнкаўскую бурбалку. Мы зрабілі 4000 дыскаў, якія цяпер распаўсюджваюцца ў Беларусі. Так што я стараюся праз гэты фільм як мага шырэй паказаць беларускую праблему.

Цалкам інтэрвію зь Міраславам Дэмбіньскім зьявіцца ў нашым эфіры і на сайце пазьней.

Нагадаем, у сваім фільме “Урок беларускай мовы” Міраслаў Дэмбіньскі спалучае гутаркі з маладымі людзьмі пра сёньняшні і заўтрашні дзень Беларусі з кадрамі леташняй прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі.

Урывак зь фільму на сайце кінафэстывалю Jeden Svět

Фільм цалкам на сайце wolnabialorus.org