Алесь Каліта: “На мяне пасыпаўся град удараў”

Радыё Свабода Сёньня ў судзе Савецкага раёну судзьдзя Людміла Савасьцян пакарала Алеся Каліту арыштам на 7 сутак. Алеся таксама схапілі на вуліцы, калі ён ішоў у адвакацкую кантору заключаць пагадненьне з адвакатам для Насты Александровіч, якую затрымалі дома на гадзіну раней.
Алесь Каліта распавёў у судовай залі:

Каліта: “У чатыры кулакі і ў чатыры нагі на мяне пасыпаўся град удараў, нецэнзурная лаянка. Я крычаў: “Міліцыя! Дапамажэце!”. Мяне закінулі ва “ўазік”. Там яшчэ разоў пятнаццаць гумавай дубінкай, пасьля чаго я страціў прытомнасьць.

Ачуняў толькі каля Савецкага РУУС, калі спэцназаўцы паднесьлі мне нашатыр. Мне заламілі рукі й завялі ў падвальнае памяшканьне. Там адзін са спэцназаўцаў кінуў мяне на падлогу і ўдарыў па пячонцы, у правы бок грудзіны. Я зноў страціў прытомнасьць. Потым мяне прыкавалі кайданкамі да крэслаў, якія там стаялі, і нанесьлі яшчэ некалькі ўдараў па нагах і ў твар”.