Жыхара Віцебску аштрафавалі за перавозку перадвыбарчых улётак

Радыё Свабода, Віцебск Ігара Цішкіна прызналі вінаватым паводле 3-й часткі 167-га артыкулу адміністрацыйнага кодэксу (парушэньне заканадаўства аб выбарах, рэферэндуме, адкліканьні дэпутата). Суддзя Кастрычніцкага райсуду Ірына Смалякова прысудзіла яму 186 тысячаў штрафу за тое, што 4 студзеня міліцыянты знайшлі ў ягонай машыне 5500 улётак "Свабода выбару!"
Улёткі цяпер знаходзяцца ў Кастрычніцкім райаддзеле. Паводле міліцыянтаў, іх будзе вывучаць нейкая адмысловая экспэртыза.

Між тым улёткі прызначаліся для распаўсюду ў тых выбарчых акругах Віцебску, дзе мелі намер балятавацца віцебскія дэмакратычныя актывісты: Тацяна Севярынец, маці вядомага моладзевага палітыка, Хрыстафор Жаляпаў, кіраўнік абласнога штабу Аляксандра Мілінкевіча ў часе мінулых прэзыдэнцкіх выбараў, мясцовы лідар сацыял-дэмакратаў "Народнае Грамады" Аляксей Гаўруцікаў, рэдактар газэты прадпрымальнікаў "Мы і рынок" Сяргей Парсюкевіч і сусьветна вядомы спартовец Ігар Каныгін. Іх усіх не зарэгістравалі гарадзкія ды абласныя выбарчыя камісіі.



Ігар Цішкін