Эўракамісія зробіць унёсак у чарнобыльскія праекты Ўкраіны

4-ы энэргетычны блёк Чарнобыльскай АЭС, пакрыты саркафагам

Эўрапейская камісія мае намер у часе донарскай канфэрэнцыі па збору сродкаў на рэалізацыю чарнобыльскіх праектаў зрабіць унёсак памерам болей як 100 мільёнаў даляраў. Пра гэта ўкраінскім журналістам паведаміў прадстаўнік Эўрапейскай камісіі Майкл Карнічніг. Мэта унёску – гарантаваць завяршэньне працаў на аб'екце Ўкрыцьце. Ва Ўкраіне ў мерапрыемствах, прысьвечаных 25-м угодкам чарнобыльскай катастрофы возьме ўдзел старшыня Эўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу.

На міжнароднай донарскай канфэрэнцыі ў Кіеве 19 красавіка Ўкраіна спадзяецца сабраць 740 мільёнаў эўра, якіх не хапае, каб дабудаваць аб'ект Укрыцьце і сховішча адпрацаванага ядзернага паліва.