Дзёньнік пісьменьніка: адбіткі пальцаў

11-га ў мяне дзень народзінаў, атрымаў віншавальную паштоўку ад сакратарыяту ТБМ з выявай Скарыны, якога вельмі люблю, і загадкавага герба, якім я таксама ганаруся. Прыемна. Але 11-га ў дзеях рэжымнай Беларусі застанецца чорным днём.

Чорныя даты


Дзень 11-га пачаўся з таго, што нябачныя людзі блякавалі сайты ў інтэрнэце, “Партызан” ды іншыя, наступалі на свабоду слова. А потым гэты выбух… Шампанскае піць не выпадала. Летась на дзень народзінаў я быў на вайсковых могілках ля Катынскага крыжа. Гібель самалёта з польскай дэлегацыяй мяне асабіста не датычыла, але закранула эмацыйна. Снарады падаюць больш шчытна. Што наступным разам?

Эмацыйна 11 красавіка мне нагадвае цяпер бадай 22 чэрвеня. Нямецкія салдаты склалі пры гарматах стосы снарадаў, чакаючы сыгналу. А з гэтага боку мяжы НКВД працуе шчыра: на выходныя прызначана адпраўка эшалёнаў у Сібір, у якіх мірныя жыхары ўчорашніх “крэсаў”. У перапоўненай гарадзенскай турме працягваюць дапытваюць “антысавеччыкаў”.

Можна зрабіць спробу ўявіць сябе, напрыклад, членам Беластоцкай абласной пісьменьніцкай арганізацыі, якой кіраваў Піліп Пястрак. Часы няпэўныя, трывожныя, і хоць Нямеччына наш найлепшы сябра, хаўрусьнік і брат па зброі, але пошукі шпіёнаў не спыняюцца. Перабольшаньне? А ці ня сёньня трымаюць пад арыштам пасьля турэмнага зьняволеньня паэта Някляева, які можа быць стане Нобэлеўскім ляўрэатам? Чым адрозьніваюцца крымінальныя закіды яму ад былых абвінавачваньняў наконт “тунэлю ў Швэцыю”?..

У 2005 годзе турэцкія ўлады ўдрукавалі ў крымінальны кодэкс артыкул “аб нанясеньні страты краіне”, вельмі ў беларускім духу. Мэтай было засудзіць пісьменьніка Архана Памука за словы “у Турцыі было забіта трыццаць тысяч курдаў і мільён армянаў”. Ён мусіў уцякаць, на наступны год яму далі Нобэлеўскую прэмію па літаратуры. Што ж, вырашылі адпомсьціць інакш: “прыватныя асобы” запатрабавалі судзіць яго, ня жартачкі, “за абразу турэцкага народу”. Пакуль абышлося штрафамі.

Штрафаў-судоў ня хочаш?


Зрэшты, я не актор дый уяўляць сябе ў 1941-м няма патрэбы, у дзьверы ўвечары стукаюць міліцыянты… Але не па тваю душу, па твае далоні. Паслуга з дастаўкай дамоў. У іх чарніла і ўсё астатняе, каб цябе на тваім пісьмовым альбо на абедным стале падвергнуць прыніжальнай працэдуры. Прысмак “1984” занадта яўны. Яшчэ іх моцна турбуе, што твой сусед дзесяць год таму зьехаў у Штаты, дзе займаецца навукай, і ў іх ніяк не атрымаецца ўзяць ягоныя адбіткі. Ах, як шкада, пракол па службе!

Што праўда, яны не вызьвяраюцца, але просяць наведаць пастарунак, у іх плян, ну й штрафы, суд у загашніку, нагадваюць… Хтосьці там яшчэ запытаўся, рытарычна, як яму здалося: а ў амбасадзе ты пальцы без пратэстаў даеш памачаць у атрамант? Па-першае, не было пакуль такога выпадку, ніхто не патрабаваў. Па-другое, за гэта яны б дазволілі табе наведаць Эўропу. Па-трэцяе, ты маеш права выбару, ты можаш адмовіцца і табе нічога ня будзе, адзінае застанесься бязь візы. А галоўнае: тут, калі ты змушаны нарэшце падпарадкавацца, цябе ня будуць штрафаваць, судзіць, а дазволяць пакуль без пакараньня жыць у тваёй краіне, у якой ты нарадзіўся, грамадзянінам якой ёсьць, якую любіш і за якую адчуваеш сябе хворым. Ніякіх іншых ласкаў, ніякіх візаў у райскія мясьціны табе ад іх не дачакацца.

У занюханым пакойчыку людзі ў цывільным абыякава пэцкаюць табе некалькі разоў пальцы, далоні, на пытаньне “больш нічога ня трэба?” круцяць галовамі. У іх нават з пачуцьцём гумару парадак: паставілі ля месца адкаткі пальцаў партрэт чалавека з прыжмурам, маўляў, мы тут ні пры чым.

Апавяданьне пра зьмену дэкарацый


Памятаецца “раджаньне з народам”, каб даць высьпятка нашай роднай мове, нашай шляхетнай “Пагоні”, каб наш сьцяг на шкамуты, каб напляваць у беларускую студню. Напісаў я тады “апавяданьне пра зьмену дэкарацый” з назвай “Адбіткі пальцаў”, не ўяўляючы, што нас наперадзе чакае, як далёка зойдзе. (Былі ў тым апавяданьні словы: “Паэт-палкоўнік, які на загад Пілсудзкага ствараў і не стварыў беларускае войска, пахаваны на кракаўскіх могілках, памёр на сухоты. Усе вашыя паэты паміралі звычайна з-за сухотаў. Адзін ля сіняга мора, іншыя — у савецкіх лягерах”)… Але адбіткі пальцаў, ясна, не канец, не мяжа, любы рэскрыпт можа зьявіцца: прымусовая здача крыві ці яшчэ што-небудзь. А інакш штраф, суд, выбірайце самі!

Пакуль жа, зразумела, на парадку дня жахлівае здарэньне, якое папярэджваць не было часу — адбіткі пальцаў, душэньней сайтаў, перасьлед паэтаў, ну самі разумееце. А цяпер мы чуем, што гэта быў, маўляў, падарунак… Звычайна іншыя ўзьнікаюць словы — трагедыя, злачынства, ну ня ведаю, справа густу. І яшчэ, нават ня ўразіла, працяла: гэта, хлопцы, “хацелі атамсьціць за арэстованых саратнікаў сілавым структурам” якіясьці няўлоўныя мсьціўцы. Але гэта нармальна, цалкам нармальна для рэжымнай Беларусі, “тунэль у Швэцыю” па-ранейшаму ў галаве.