Падсьледны Арыніч зьехаў за мяжу на лячэньне?

Пажар на Пінскдрэве, архіўнае фота

Былы кіраўнік "Пінскдрэва" Ларан Арыніч, абвінавачаны па справе аб выбуху, які здарыўся на прадпрыемстве і прынёс 14 ахвяр, выехаў за межы Беларусі.

Паводле аднаго з былых падначаленых Арыніча, ён зьехаў на лячэньне ў Прыбалтыку. Падчас апошняй размовы зь ім гучала, што захадаў на абмежаваньне перасоўваньня з боку пракуратуры яму не было вынесена.

Родныя былога дырэктара "Пінскдрэва" Ларана Арыніча адмаўляюцца камэнтаваць інфармацыю пра магчымыя ўцёкі Ларана Арыніча. Жонка былога дырэктара паведаміла Радыё Свабода:

"Вы мяне прабачце, але гэта яго праблемы. Я думаю, што ён сам добра ведае і разумее, што робіць. Я думаю, што кожны атрымае сваё. Прабачце, але я ня маю права даваць камэнтары. Калі будзе мой муж дома, то ён і адкажа на вашыя пытаньні. А калі ён будзе дома? Калі будзе, тады і адкажа".

Падчас сходу акцыянэраў родныя Ларана Арыніча зьвярнуліся да акцыянэраў з заклікам падтрымаць ганаровага жыхара Пінску, былога дырэктара холдынгу. Але ніводзін з акцыянэраў на гэта не пагадзіўся.