Раманчук: "Сёньня ў мяне сьвята"

Ярасалаў Раманчук

Экс-кандыдат на прэзыдэнта Яраслаў Раманчук, які прасіў Аляксандра Лукашэнку аб вызваленьні Анатоля Лябедзькі, мяркуе, што цягам года-двух справа аб падзеях 19 сьнежня закрыецца, і ўсе палітычныя вязьні будуць выпушчаныя на свабоду.

Ацэньваючы вызваленьне Анатоля Лябедзькі пад падпіску пра нявыезд, Яраслаў Раманчук ня выказаў упэўненасьці, што ўлады прыслухаліся да ягоных просьбаў:

"Я ня ведаю, хто мяне паслухаў, таму што я шмат каму казаў пра гэта… Мяркую, што сёньня ў мяне сьвята, таму што мой сябра і калега на свабодзе, і гэта самае галоўнае".

Пэрспэктывы далейшага разьвіцьця справы аб падзеях 19 сьнежня 2010 году спадар Раманчук ацаніў так:

"Я спадзяюся, што справу Анатоля закрыюць, таму што там увогуле няма падставаў, каб яму нават умоўны тэрмін даваць. Відавочна, што сёньня эканоміка прымушае ўлады рабіць мякчэйшыя прысуды, і таму я мяркую, што цягам года-двух уся справа закрыецца і ўсе палітычныя вязьні будуць выпушчаныя на свабоду".