«Мы проста гаворым праўду аб стане грамадзтва»

Алег Манаеў, архіўнае фота.

Сацыёляг, заснавальнік Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледваньняў прафэсар Алег Манаеў прэзэнтаваў сваю новую кнігу «Станаўленьне грамадзянскай супольнасьці ў незалежнай Беларусі. 2006-2010 год. Сацыялягічныя досьведы. Кніга трэцяя».

Прэзэнтацыя адбылася ў літоўскай амбасадзе ў Менску. Падзякаваўшы літоўскім дыпляматам, Алег Манаеў з сумам заўважыў, што іншых месцаў, акрамя замежных амбасадаў, у сёньняшняй Беларусі для такіх імпрэзаў няма. Фундатарам выданьня выступіла міністэрства замежных справаў Эстоніі, сярод рэцэнзэнтаў — пачэсны старшыня АГП Станіслаў Багданкевіч, прафэсар з Санкт-Пецярбургу Барыс Фірсаў і спадар Ганс-Георг Вік, былы старшыня Кансультатыўна-назіральнай групы АБСЭ ў Менску. Першая кніга сэрыі, прысьвечаная 90-м гадам, была апублікаваная 10 гадоў таму, праз 5 гадоў выйшаў другі том.

Палітоляг Уладзімер Падгол назваў гэтую сэрыю своеасаблівай «гісторыяй Беларусі ў лічбах».

Падгол: «Гэтая кніжка мае каштоўнасьць у кантэксьце астатніх двух частак, бо гэта ўжо храналёгія сучаснай Беларусі, якая апісаная ў лічбах. Тут мы маем лічбы мэнталітэту беларусаў з розных слаёў. І таму мы маем магчымасьць вельмі аб’ектыўна аналізаваць тэндэнцыі і працэсы, якія адбываліся ў Беларусі гэтыя 20 гадоў. І той, хто любіць дакладны аналіз, а не эмоцыі, не суб’ектыўныя меркаваньні — для яго гэтыя кніжкі мусяць быць настольнымі. Для любога сучаснага гісторыка, аналітыка, журналіста, дыплямата».


«Мы проста гаворым праўду аб стане грамадзтва» — сказаў падчас прэзэнтацыі Алег Манаеў, заўважыўшы, што часта гэтую праўду ня хочуць чуць ня толькі ўлада, але і апазыцыя. «Улады ствараюць нам зону ўціску, а апазыцыя — зону адчужэньня», — заявіў сацыёляг.

Манаеў: «Я думаю, незалежныя сацыяльныя дасьледаваньні ў Беларусі, як і іншых аўтарытарных рэжымах, вельмі важныя, бо рэальнай карціны таго, што адбываецца, тут няма. Бо ўлада гэта замяніла сваёй карцінкай, і людзі з гэтым жывуць. Таму самая першая задача — даць рэальны малюнак жыцьця. Другая задача — калі людзі пачнуць рэагаваць на рэчаіснасьць, даведацца, чаго яны хочуць, як хочуць, дапамагчы ім сфармуляваць свае жаданьні і паказаць нейкія шляхі. Вось гэтым мы і займаемся амаль 20 гадоў, і гэтаму прысьвечаная наша кніга».