Суд апраўдаў лекара-псыхіятра. Пракуратура пратэстуе

Будынак Гомельскага абласнога суду

Судзьдзя Гомельскага абласнога суду Людміла Грынько апраўдала былога ўрача-псыхіятра Яўгена Дзедушкіна, які яшчэ ў 2009 годзе быў асуджаны за падпалы Навабеліцкім раённым судом на 4 гады пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

«Я быў вельмі рады справядліваму выраку. Раней, лічу, мяне каралі таму, што патрэбная была раскрывальнасьць падпалаў», — паведаміў спадар Дзедушкін.

Крымінальная справа супраць былога лекара-псыхіятра Гомельскага абласнога псыханэўралягічнага шпіталя за падпалы гаспадарчых пабудоваў у Навабеліцкім раёне разглядалася тройчы. Міліцыянты «павесілі» на псыхіятра нават падпал сваёй бронекамізэлькі — маўляў, такі ён зацяты піраман.

30-гадовы спэцыяліст з вышэйшай мэдычнай адукацыяй не прызнаваў абвінавачаньняў і не пагаджаўся зь імі, абскарджваў выракі, у тым ліку і ў Вярхоўным судзе. Летась псыхіятра вызвалілі з турмы, замяніўшы турэмныя нары на падпіску пра нявыезд. Агулам Яўген Дзедушкін правёў у сьледчым ізалятары 397 дзён.

Гэтым разам суд прызнаў Дзедушкіна невінаватым у падпалах і апраўдаў з прычыны «недаказанасьці яго ўдзелу ў зьдзяйсьненьні названых злачынстваў».

Аднак намесьнік пракурора Навабеліцкага раёну Раман Валетаў падаў на вырак судзьдзі пратэст, які разгледзіць калегія абласнога суду.