Мін'юст узяўся за пасьведчаньні МФЖ

Міністэрства юстыцыі патрабуе, каб Беларуская асацыяцыя журналістаў патлумачыла, якія прававыя падставы для дзейнасьці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь мае Міжнародная фэдэрацыя журналістаў (МФЖ) і на якой падставе БАЖ выдае пасьведчаньні гэтай арганізацыі.

Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным лісьце ад 1 красавіка, які атрымаў БАЖ за подпісам начальніка ўпраўленьня па пытаньнях некамэрцыйных арганізацый міністэрства.

Зварот зьвязаны зь нядаўнім затрыманьнем у Гомелі сябра аб'яднаньня Алега Ражкова, у якога праваахоўныя органы забралі "для праверкі на сапраўднасьць" пасьведчаньні БАЖ і МФЖ.

30 сакавіка пасьведчаньні журналісту вярнулі.

Упершыню пытаньне пра пасьведчаньне МФЖ было ўзьнята падчас слуханьняў у Вярхоўным судзе з нагоды папярэджаньня БАЖ у сакавіку 2010 году. Тады суд пацьвердзіў забарону Мін'юсту на выкарыстаньне пасьведчаньняў БАЖ са словам "Прэса" і прызнаў незаконнаю дзейнасьць Цэнтру прававой абароны СМІ пры БАЖ. На працэсе прадстаўнік Мін'юсту заявіў, што гэта прэс-карта не зарэгістраванай у Беларусі арганізацыі.

"Чарговая хваля праверак журналісцкіх пасьведчаньняў — гэта працяг даўняй палітыкі беларускіх уладаў, скіраванай на тое, каб ня даць незалежным СМІ выконваць сваю працу і абмежаваць права грамадзянаў на свабодны распаўсюд і атрыманьне інфармацыі", — сказаў прэс-службе БАЖу намесьнік старшыні аб'яднаньня Андрэй Аляксандраў.

Паводле намесьніка старшыні БАЖ Андрэя Бастунца, Вэнэцыянская камісія падрыхтавала афіцыйнае заключэньне з нагоды папярэджаньня БАЖу ад Мін'юсту.

"Камісія палічыла, што настойлівая заклапочанасьць Мін'юсту сяброўскімі пасьведчаньнямі парушае адразу некалькі артыкулаў Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і Эўрапейскую канвэнцыю аб абароне правоў чалавека і асноўных свабодаў".

З 1997 году БАЖ — асацыяваны сябра МФЖ, найбуйнейшай сусьветнай арганізацыі журналістаў, якая аб’ядноўвае каля 600 тысяч сяброў з больш як 100 краін сьвету.

Паводле статуту МФЖ, мясцовыя саюзы (у Беларусі гэта БАЖ) маюць права выдаваць сябрам сваіх арганізацый журналісцкія пасьведчаньні міжнароднага ўзору.