Вінаградаву, Хамічэнку і Федаркевічу выставяць абвінавачаньні

Сьледчае ўпраўленьне папярэдняга расьсьледаваньня ГУУС Менгарвыканкаму працягвае выстаўляць абвінавачаньні ўдзельнікам пратэстаў 19 сьнежня.

Напярэдадні абвінавачаньне паводле другой часткі 293 артыкулу Крымінальнага кодэксу (“удзел у масавых непарадках”) было пастаўленае яшчэ 5 асобам – Дзьмітрыю Дразду, Уладзімеру Лобану, Яўгену Сакрэту, Сяргею Казакову і Віталю Мацукевічу.

Паведамляецца, што ў аўторак абвінавачаньні вынесуць Паўлу Вінаградаву, Уладзімеру Хамічэнку і Андрэю Федаркевічу.

Пры гэтым МУС Беларусі аспрэчвае паведамленьні ў мэдыях аб тым, што “Андрэй Федаркевіч і Ўладзімер Хамічэнка былі правакатарамі і агентамі беларускіх праваахоўчых структур”.

Адразу пасьля падзеяў 19 сьнежня памянёны Ўладзімер Хамічэнка атрымаў у інтэрнэце мянушку “навушнік” за тое, што, як сьведчаць відэаматэрыялы, у часе правакацыі ля Дому ўраду перамаўляўся зь некім праз схаваны ў рукаве паліта мікрафон.

“Хамічэнка ня быў актывістам ніводнай няўрадавай арганізацыі, таму ўладзе і нявыгадна прызнаваць яго за крымінальніка, бо гэта б разбурала патрэбную ўладам вэрсію пра брутальныя паводзіны менавіта апазыцыі”, – заяўлялі яшчэ ў студзені праваабаронцы.