Бацька Натальлі Радзінай: «Паводле КДБ, яна сышла зь цягніка ў Лунінцы»

Паводле Валянціна Радзіна, бацькі рэдактаркі сайту «Хартыя’97» Натальлі Радзінай, яго дачка ўжо пакінула Беларусь. «Раніцай нам пазваніў невядомы чалавек і сказаў, што Натальля ўжо за мяжой. А дзе яна дакладна, не сказаў. Яе мы ня чулі», — паведаміў Валянцін карэспандэнту «Свабоды».

Таксама Валянцін Радзін паведаміў, што КДБ пачаў шукаць яго дачку яшчэ ўвечары 31 сакавіка. «Пазванілі і пыталіся, дзе яна і як ад’ехала. Мы распавялі, што жонка пасадзіла яе на цягнік „Берасьце — Менск“ і што больш мы нічога ня ведаем. А яны адказалі, што правяралі той вагон, у якім яна ехала, і даведаліся, што яна выйшла ў Лунінцы і не вярнулася».

Маці журналісткі Надзея Радзіна мяркуе, што Натальля «вырашыла пазьбегчы лёсу тых, каго ўжо пакаралі надзвычай жорсткімі тэрмінамі за падзеі 19 сьнежня».

Рэдактарку сайту «Хартыя’97» Натальлю Радзіну абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках 19 сьнежня і ў іх арганізацыі. Паводле абвінавачаньня журналістцы пагражае 15 гадоў зьняволеньня. На 31 сакавіка Радзіну запрасіў на допыт у КДБ сьледчы. Напярэдадні журналістка не выключала, што ёй выставяць канчатковае абвінавачаньне.

Атрымаць камэнтар КДБ да падзей вакол Натальлі Радзінай не ўдаецца, бо тэлефон цэнтру грамадзкіх сувязяў КДБ не адказвае.