У менскім Сухараве патрабуюць беларускіх садкоў

У менскім мікрараёне Сухарава стварылі бацькоўскі камітэт грамадзянаў, якія хочуць, каб іх дзеці выхоўваліся ў беларускамоўных садкох – пра гэта паведаміла БелаПАН старшыня Менскай гарадзкой арганізацыі Таварыства беларускай мовы Алена Анісім.

Паводле Анісім, “бацькоўскі камітэт будзе рабіць неабходныя захады для адкрыцьця новых беларускамоўных групаў у садкох мікрараёну”, а таксама павінен не дапусьціць пераводу дзяцей зь беларускамоўных групаў у расейскамоўныя і дамагацца таго, каб прафэсійны ўзровень выхавальнікаў беларускамоўных групаў адпавядаў іх задачам.

Як патлумачыла Алена Анісім, сытуацыя, што склалася ў Сухараве зь беларускамоўнымі садкамі, патрабуе падтрымкі грамадзкасьці. У садку № 570 узбуйнілі беларускамоўную групу і дабралі ў яе дзетак пяці-шасьці гадоў, а на базе садка № 561 адкрылася беларускамоўная група. “Аснову гэтай групы склалі 12 дзетак, бацькі якіх напісалі заявы, каб іх дочкі і сыны выхоўваліся па-беларуску. Пазьней да гэтай групы далучылі яшчэ дзевяць чалавек, якіх дабіралі загадчыца дашкольнай установы і яе выхавальнікі, угаворваючы бацькоў”, – расказала старшыня менскай арганізацыі ТБМ.

Паводле Анісім, небясьпека палягае ў тым, каб пазьней гэтыя дзявяцера дзетак ня сталі перашкодаю на шляху атрыманьня беларускамоўнага выхаваньня ў садку № 561. “Бацькоўскаму камітэту трэба будзе добра папрацаваць з бацькамі гэтых дзевяцярых дзетак”, – падкрэсьліла Анісім.

У інтэрвію БелаПАН старшыня ТБМ Алег Трусаў выказаўся за стварэньне аналягічных бацькоўскіх камітэтаў пры ўсіх рэгіянальных структурах Таварыства беларускай мовы.