Янукевіч: «Улады прадэманстравалі сьвету сваю неадэкватнасьць»

Пра апазыцыйную акцыю на Дзень Волі ў Менску мы пагаварылі зь лідэрам Партыі БНФ Аляксеем Янукевічам.

Соўсь: Якая Ваша ацэнка таго, што адбылося сёньня ўвечары ў цэнтры Менску?

Янукевіч: Сёньня ў цэнтры Менску мы пабачылі, на маю думку, страх уладаў. Абсалютна перабольшаная падрыхтоўка і спроба зачысьціць любую праяву альтэрнатыўнай думкі. Тое, што нават помнік Купалу зрабілі недаступным, сквэр быў перакрыты - гэта было вельмі яскравай дэманстрацыяй таго, што самі ўлады, накручваючы гэтую хвалю страху ў грамадзтве, самі вельмі моцна баяцца.

Соўсь: Спэцапэрацыя міліцыі ў цэнтры Менску ўдалася, апазыцыя не змагла адзначыць Дзень Волі ў заплянаваным фармаце. Такую ацэнку даюць некаторыя журналісты, якія назіралі за акцыяй. Вы згодныя з такой ацэнкай?

Янукевіч: Я згодны, што ў апазыцыі безумоўна не атрымалася адзначыць Дзень Волі ў тым фармаце, у якім хацелася б. Аднак я не магу сказаць, што спэцапэрацыя ўдалася, бо калі ты валодаеш настолькі вялікімі рэсурсамі, якімі валодае сёньняшняя ўлада, то самае простае і прымітыўнае, што ты можаш зрабіць - гэта выставіць вельмі шмат міліцыі, апэратыўных супрацоўнікаў, якія проста перакрыюць вуліцы, і прэвэнтыўна затрымліваць людзей. Я ня думаю, што сёньняшнія дзеяньні ўладаў можна назваць пасьпяховымі, бо яны абсалютна не прадухілілі, нешта, што магло б быць сёньня для іх небясьпечна, яны папросту прадэманстравалі сьвету сваю неадэкватнасьць.


СЛУХАЦЬ ГУТАРКУ ЦАЛКАМ


Аляксей Янукевіч у Начной Свабодзе

Your browser doesn’t support HTML5

Аляксей Янукевіч у Начной Свабодзе